Андрэю Пачобуту хацелі “прышыць” дыскрэдытацыю Беларусі

6 ліпеня на просьбе гродзенскіх журналістаў карэспандэнт “Газеты Выборчай” расказаў падрабязнасці сваёй крымінальнай справы і знаходжання ў турме.

“Ні пракуратура, ні суд гэту частку экспертызаў пра дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь не выкарыстоўвалі. Тлумачэнняў “чаму” не было”, — паведаміў журналіст пад час прэс-канферэнцыі.

Нагадаем, экспертызы праводзілі загадчык абласнога аддзелу ідэалогіі Павал Скрабко і прэс-сакратар аблвыканкама Віктар Жалезняковіч, а таксама прафесар гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Нікіцевіч.

“З матэрыяламі экспертызы мяне азнаёмілі толькі праз 2 месяцы пасля іх правядзення. Хадайніцтва аб прыцягненні іншых спецыялістаў было адхілена, — распавёў журналіст. — Увогуле адчувалася неахайнасць і абсурднасць, з якой рыхтавалася справа. У нармальным судзе яна развалілася б пад смех і рогат прысутных. Я думаю, менавіта таму і быў зачынены гэты працэс”.

Андрэй Пачобут паказаў “супертайны дакумент” — Пастанову аб прыцягненні ў якасці абвінавачванага, дзе пракуратура тлумачыць, чым менавіта публікацыі Пачобута закранулі гонар і годнасць прэзідэнта. Напрыклад, вось у чым заключалася “злачынства”, прадугледжанае ч.1 арт. 368 артыкулам КК “Публічная абраза Прэзідэнта РБ”:


“… Также в тексте под названием “Так правит Лукашенко”, размещённого Почобутом А.С. на сайте  http://wyborcza.pl в предложении “…не сосчитать также сплетен о связях Лукашенко с известными певицами и дикторами телевидения…” содержатся измышления автора по поводу низких моральных качеств Президента Республики Беларусь (распущенности, вседозволенности) с точки зрения социальных норм, и принятых в белорусском обществе, и нравственности, что позорит и унижает честь и достоинство Главы государства”, — значыцца ў дакуменце.


“Калі на судзе ў экспертаў спыталі, якое менавіта слова ў гэтым сказе прыніжальнае ці абразлівае, Жалезняковіч адказаў “Слово “Связи”, — не без усмешкі пракаментаваў Андрэй Пачобут.

Нагадаем, суд апраўдаў журналіста па артыкуле аб абразе прэзідэнта. Але прызнаў вінаватым у паклёпе і прызначыў пакаранне — тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі