Тур: Антыкрызісная праграма ёсць, але толькі для службовага карыстання
Еўрарадыё паспрабавала знайсці праграму, паводле якой Беларусь будзе выходзіць з валютнага крызісу.
Ці есць ва ўрада антыкрызісная праграма і чаму яе ніхто не бачыў? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да намесніка міністра эканомікі Андрэя Тура. Ён кажа, што гэты дакумент… не для распаўсюду.
“Такі дакумент мы выпрацавалі. Але ён для службовага карыстання, не для распаўсюду, — распавёў Еўрарадыё намеснік міністра эканомікі. — Бо ёсць цэлы шэраг момантаў, якія нікому не трэба агучваць. Гэта проста мусіць быць зроблена, і ўсё”.
Існаванне антыкрызіснай праграмы “не для ўсіх” пацвярджае і дарадца Нацыянальнай акадэміі навук Пётр Нікіценка:
“Ёсць пакет захадаў, якія прапануюцца ўрадам. А яшчэ ёсць захады, якія мусяць быць уведзеныя ціха, не ў адкрытым рэжыме. Іх нельга сёння выносіць на агульнае абмеркаванне. А ўводзіць трэба без шуму і гвалту”.
Колькі старонак у беларускай антыкрызіснай праграме, Андрэй Тур не ўдакладніў. Але распавёў, што яна складаецца з 4 раздзелаў:
“Тоўстая яна ці не — казаць пра гэта не трэба. Яна складаецца з 4 частак: стан валютнага рынку; стан спажывецкага рынку; стан рэальнага сектара эканомікі і меры сацыяльнай абароны”.
Тым часам беларускія эканамісты прапануюць свае “рэцэпты” таго, як вывесці краіну з валютнага крызісу. Шмат гавораць пра крэдыты: ад ЕўрАзЭС ці ад МВФ. Але фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” у Мінску Вадзім Іосуб лічыць, што аднымі грашыма сітуацыю не выправіць:
“Зрабіць больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку — гэта раз. Поўная лібералізацыя валютнага рынку — гэта два. Скарачэнне дзяржсубсідый, датацый і перакрыжаванага фінансавання — гэта тры”.
На думку эксперта, “вызваленне” рынку валюты абавязкова мусіць суседнічаць з падаражаннем крэдытаў:
Вадзім Іосуб: “Ніякіх супярэчнасцяў тут няма. Грашовая палітыка можа быць мяккай — гэта калі грошы “танныя”, іх можна ўзяць пад нізкія адсоткі. Зрабіць грашова-крэдытную палітыку больш жорсткай — гэта значыць падвышаць працэнтныя стаўкі і спыніць эмісію”.
З аднаго боку, “танныя” крэдыты працуюць на рост эканомікі. З іншага — спрыяюць інфляцыі і паслабленню нацыянальнай валюты, з умацаваннем якой звязвае надзеі на выхад з крызісу Пётр Нікіценка:
“Я прыхільнік развіцця сваёй эканомікі на нацыянальнай грашовай сістэме, якую ператварылі ў нейкае пудзіла! Бягуць ад нацыянальных грошай! Мне гэта не зразумела: будуем незалежную краіну, але да сваіх грошай ставімся як да нейкіх незразумелых адзінак…”
Цяпер антыкрызісную праграму ўрада чакае экспертыза МВФ. Магчыма, пасля гэтага беларусы даведаюцца, як будуць выходзіць з крызісу.