Арганізатары “Вольнага Паветра” аб’явілі першых удзельнікаў
Адзін з галоўных фэстаў лета пройдзе ў апошнія выходныя жніўня на хутары “Шаблі”.
Як распавёў Еўрарадыё суарганізатар і прадзюсар фестывалю Аляксандр Багданаў, line-up "Вольнага Паветра" цяпер на стадыі фінальнага ўзгаднення:
"У мяне складзеныя два варыянты лайн-апа, і мы чакаем пэўных пацверджанняў ад спонсараў, — тлумачыць Аляксандр. — У залежнасці ад гэтага, нейкі з варыянтаў будзе абірацца — ці бюджэтны, ці дарагі".
Першыя ўдзельнікі фэсту ўжо заяўленыя. "Вольнае Паветра" сёлета выбухне", — піша Аляксандр Багданаў на сваёй старонцы ў facebook і анансуе нямецкі гурт Feindrehstar, які выступіць у "Шаблях" пры падтрымцы Інстытута Гёте.
Нагадаем, што "Вольнае Паветра" ладзіцца з 2006-га года. Сёлета фэст пройдзе ў шосты раз.