“Серебряная свадьба” пачала збор сродкаў на запіс дзіцячага альбома
У якасці падзякі музыкі прапануюць шалёнае чаяванне з гуртом, чаравічкі Бенькі ды куфар цудаў.
Фрык-кабарэ бэнд “Серебряная свадьба” абвясціла збор сродкаў на выданне дзіцячай канцэртнай праграмы “Музыка — всё!”. Цяпер музыкі шукаюць форму і падачу матэрыялу. Бо першапачаткова ён ствараўся з дапамогай стандартных інструментаў гурта, але на кожным канцэрце ўсё трансфармавалася, і цяпер звычайныя інструменты ў праграме амаль не гучаць.
“Музыкі збіраюцца эксперыментаваць у студыі, — распавядае дырэктар гурта Аляксандр Багданаў. — Бо канцэпцыя гэтага альбома — такая музычная лабараторыя для дзяцей, якая паказвае, што ўсё ў свеце можа гучаць. Таму запісваць, хутчэй за ўсё, будуць і банкі, і швабра, і матрац, і тостэр, і званочкі, і скрутачкі... калі казаць умоўна”.
Пачатак запісу каманда запланавала на першую палову красавіка, каб да канца траўня цалкам скончыць працу. У траўні ж спыніцца і збор сродкаў на новы альбом. У залежнасці ад унесенай сумы, музыкі прапануюць лічбавае, CD ці адмысловае падарункавае выданне кружэлкі. У якасці дадатковых лотаў значацца плюшавы рэтра-слонік аўтарства Бенькі, яе чаравічкі, шалёнае чаяванне з гуртом, куфар цудаў “Серебряной свадьбы” ды шмат чаго іншага.
Набыць “акцыі” новага дзіцячага альбома “Серебряная свадьба” можна на сайце planeta.ru.