Асуджаных за маўклівыя акцыі перавезлі з Мінска ў Жодзіна
Камеры на Акрэсціна вызвалілі напярэдадні заўтрашняй акцыі, арганізаванай праз сацыяльныя сеткі. (АБНОЎЛЕНА)
Асуджаных за маўклівыя акцыі 3 і 6 ліпеня, якія адбывалі пакаранне на Акрэсціна ў Мінску, учора вечарам перавезлі ў жодзінскую турму № 8. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла Наста, сяброўка iнiтыятыунай групы, якая займаецца перадачамi асуджаным. Паводле яе слоў, учора палітвязні здолелі паведаміць, што іх выводзяць з рэчамі з камераў. Пасля з брамы ізалятара выехала калона аўтазакаў і машын суправаджэння. Удалося адсачыць, што яны накіраваліся ў Жодзіна. Адзін з афіцэраў паведаміў, што спісы перавезеных у Жодзіна павінны з'явіцца ў мясцовым РАУС.
Сябры ініцыятыўнай групы і сваякі асуджаных паехалі ў Жодзіна. Паводле слоў Насты, іх машыны абагнаў аўтазак. Магчыма, на ім перавозілі апошніх з палітвязняў, якіх на сённяшні ранак на Акрэсціна заставалася 6 чалавек.
У Жодзінскай турме перадачы не прымаюць, але прымаюць іх у Жодзінскім РАУС, паведаміла ў жывым эфіры Еўрарадыё Наста.
***
На Акрэсціна засталіся пяцёра затрыманых падчас акцыі 3 ліпеня
Віталь Ругайн
Астатніх асуджаных удзельнікаў маўклівых акцый вывезлі ў жодзінскую турму.
Пяцёра затрыманых падчас акцыі 3 ліпеня засталіся на Акрэсціна ў Мінску. Як стала вядома, іх прозвішчы: Корсак, Лапацін, Дабрыянец, Карусельчык і Кудлаеў. Паводле вывешанага на Акрэсціна спісу (гл. фотаздымкі), там засталося 57 чалавек, гэта пераважна затрыманыя заўчора футбольныя фанаты. Перадачы ў сваякоў пакуль не прымаюць. Людзі абураліся. Выйшлі супрацоўнікі і папрасілі, каб людзі не стаялі каля ўвахода і не "мітынгавалі", інакш сёння перадачы не будуць прымаць.