Багданкевіч адмовіўся працаваць у Мясніковіча
Кіраўнік ураду Міхаіл Мясніковіч сустрэўся з экс-кіраўніком Нацбанку Станіславам Багданкевічам. Сустрэча адбылася з ініцыятывы чыноўніка. АБНОЎЛЕНА
Як паведаміў Багданкевіч, Мясніковіч прасіў у яго кансультацыяў і парадаў наконт выхаду з крызісу. Больш за тое, кіраўнік ураду прапанаваў ганароваму старшыні АГП афіцыйную працу. Аднак Багданкевіч адмовіўся. Ён заявіў, што ёсць больш маладыя спецыялісты, і прапанаваў прыцягнуць да працы іх.
Багданкевіч перадаў Мясніковічу праграму эканоміі, распрацаваную Аб'яднанай грамадзянскай партыяй. Таксама ён даў некалькі парадаў, які вывесці эканоміку з крызісу: вызначыць курс беларускага рубля для гандлю на валютнай біржы, звярнуцца ў МВФ па крэдыт у 8 мільярдаў долараў, спыніць палітычныя рэпрэсіі ды ціск на СМІ, распрацаваць праграму рэформаў, дамагацца наўпроставых замежных інвестыцыяў, а для гэтага стварыць станоўчы імідж краіны.
У размове з журналістамі былы кіраўнік Нацбанку выказаў меркаванне, што праграма ўраду не прадугледжвае кардынальных мераў.
***
Еўрарадыё паразмаўляла ў жывым эфіры са Станіславам Багданкевічам.
Еўрарадыё: Пра што шла гаворка на гэтай сустрэчы і хто быў ініцыятарам?
Багданкевіч: "Учора па ініцыятыве Мясніковіча адбылася такая сустрэча. Гэта не была сустрэча кіраўніка ўрада з апазіцыяй, гэта была сустрэча людзей, якія калісьці, у 1991 годзе, у пачатку незалежнасці, шчыльна супрацоўнічалі. І Мясніковіч, што называецца, узгадаў пра гэта і запрасіў мяне для абмену меркаванняў".
Еўрарадыё: А Мясніковіч сам звярнуўся да вас ці ён атрымаў дазвол зверху?
Багданкевіч: "Я магу толькі здагадвацца, бо што я магу сказаць. Сустрэча была прыватная, хоць і ў кабінеце Мясніковіча".
Еўрарадыё: А пра што шла гаворка?
Багданкевіч: "Ішла гаворка пра сітуацыю, якая цяпер склалася ў эканоміцы, на грашова-валютным рынку. Я выклаў нашае бачанне, нашыя прапановы, якія мы лічым патрэбным, каб кіраўніцтва і Нацыянальны банк праводзілі. Каб больш-менш бязшкодна перавесці краіну, эканоміку, грамадзян Беларусі ад жыцця "на халяву" да жыцця па сродках. Бо такая абвальная дэвальвацыя цяжка сказваецца на ўзроўні жыцця насельніцтва, ускладняе развіццё эканомікі.
Я прапанаваў неадкладна правесці Агульную нацыянальную сесію на беларускай валютнай біржы і ўсталяваць на базе попыту і прапановы рэальны збалансаваны курс долара. Бо адміністратыўнае ўстанаўленне курса мне ўяўляецца не прымальным. Патрэбна, каб у Нацбанка за спінай былі вялікія рэзервы, а іх няма. Неадкладна трэба даць наяўныя ў абменнікі, увесці адзіны курс. Нават калі ён у першы дзень будзе завышаны, то з часам ён збалансуецца і прывядзе да збалансаванасці ў эканоміцы. Іншай рэкамендацыяй было звярнуцца да Міжнародны валютны фонд і папрасіць крэдыт мільярдаў на 8, на ўзроўні чакаемага дэфіцыту гандлёвага балансу. Для гэтага, безумоўна, патрэбая палітычная лібералізацыя, патрэбныя эканамічныя рэформы.
Я казаў Мясніковічу аб тым, што хоць і сустрэча не афіцыйная, я прадстаўляю "пятую калону", пра якую казаў кіраўнік дзяржавы, а ён "першую", і гэтая калона прапануе рабіць рэформы".
Еўрарадыё: Ці праўда, што вам Мясніковіч прапанаваў супрацоўніцтва на афіцыйнай аснове, але вы адмовіліся? Каго вы прапанавалі?
Багданкевіч: "Гэта не было афіцыйнай прапановай. Ён казаў, што не хапае інтэлектуалаў сёння, якія супрацоўнічаюць з уладай, што варта было б падключыць свежую думку і ці не мог бы я супрацоўнічаць з Акадэміяй навук, даваць нейкія прапановы, выкладкі. Мой адказ быў адназначны — мой час скончыўся, па ўзросце. Мы пагаварылі пра маладых талентаў, што іх у нас дастаткова і ва ўрадзе, і ў Нацыянальным банку, але яны ў сярэднім звяне, не на тым звяне, дзе прымаецца рашэнне".
Еўрарадыё: Пра каго менавіта шла гаворка ці можна назваць прозвішчы?
Багданкевіч: "Канкрэтных прозвішчаў не было, бо не было канкрэтных прапановаў. Была прапанова асабіста мне як асобе, якая прыватна ведае і супрацоўнічала з Міхаілам Мясніковічам".
Еўрарадыё: Ці нешта яшчэ было істотнае падчас гэтай сустрэчы?
Багданкевіч: "Ён мне распавёў пра тыя меры, якія прымаюцца кіраўніцтвам у справе ліквідацыі валютнага крызісу. У тым ліку і пра адміністрацыйныя, звязаныя з экспартам, імпартам і г. д. Я не падзяляю такую пазіцыю, пра гэта мы таксама размаўлялі".
Еўрарадыё: Мясніковіч верыць ў тое, што ў яго атрымаецца вывесці краіну з крызіса?
Багданкевіч: "Гэтага я не ведаю, да такіх глыбінаў мы не даходзілі. Мы абодва разумеем, што рашэнне прымаецца на больш высокім узроўні. Ідэі, нейкія новыя, павінны давацца на высокі ўзровень, каб яны былі прыняты да разгляду.
Еўрарадыё: Ці прыслухаецца ён да вашых прапановаў?
Багданкевіч: "Ён не выказваў супраць тых ідэяў, якія былі агучаныя, але ён і не выказваўся "За". Ён прыняў да ведама і будзе разважаць. Мне ўжо сказалі, што заяўка ў МВФ пайшла".
Еўрарадыё: На якую суму?
Багданкевіч: "Гэтага я не ведаю. Думаю, заяўка пайшла ў агульным выглядзе. Бо прыязджае дэлегацыя з фонду, на два тыдні, і яны будуць ацэньваць сітуацыю і пасля вырашаць".
Інтэрв'ю са Станіславам Багданкевічам таксама слухайце ў далучаным аўдыёфайле.
Фота — photo.bymedia.net