Бананы, лімоны ды персікі выкідваюць з крамаў на сметнік

110822 Nasta Frukty.mp3

Еўрарадыё нечакана заўважыла, што паводле дадзеных Белстату ў ліпені цэны на бананы і персікі знізіліся. А вось родная бульба ды яблыкі, наадварот, падаражэлі!


Белстат: У ліпені ў параўнанні з чэрвенем 2011 г. цэны на бульбу падняліся на 15,6%, яблыкі падаражэлі на 9,1%. Цэны на персікі знізіліся на 33,1%, бананы — на 23,5%, вінаград — на 16,3%.


Атрымліваецца, наша інфляцыя — з-за беларускай бульбы, а не імпартных бананаў? Чаму так адбываецца, высвятляла Еўрарадыё.


У людзей папросту няма грошай, каб набываць бананы. Таму цэны даводзіцца зніжаць, тлумачаць падзенне цэнаў на садавіну ў фірме-імпарцёры "Альмепрод":


“Калі раней чалавек купляў дзіцю галінку бананаў, то цяпер ён купіць адзін або два. У людзей няма грошай і яны думаюць, як ім купіць малако і хлеб, а не бананы і персікі. Таму, адпаведна, рынак усім гэтым насычаны, і, адпаведна, пастаўшчыкам даводзіцца зніжаць цану. Я лічу, гэта галоўны фактар. Аб’ёмы знізіліся па ўсёй краіне”.


У мінскай краме, якая прадае садавіну і гародніну, кажуць, што кожны дзень выкідваюць імпартную прадукцыю… на сметнік!


Крама садавіны і гародніны: “Ну, садавіна імпартная… я пра яе і казаць не буду. У мяне яна не ідзе. Штодня толькі паціху выкідваем. Яна вельмі дарагая. Яблыкі імпартныя… я паціху выкідвала, выкідвала — і выкінула іх. На сёння ў мяне ўвогуле няма імпартнай прадукцыі. Толькі апельсіны, лімоны, бананы. Іх не купляюць! Ну, хто будзе купляць мандарыны па 20 тысяч? Вельмі дрэнна купляюць і бананы…”.


Цэны на садавіну зніжаюцца, таму што раней былі… завышаныя, кажуць у фірме “Магнір”:


“Па-першае, сезоннасць. У сезон цана заўсёды падае. Магчыма, зрабілі большы запас у чаканні росту курсу, а пасля пакупніцкі попыт упаў — і цану знізілі. Зменшылі гандлёвую надбаўку…”.


Бульба ў Беларусі за апошні месяц падаражэла на 15,6%. Але ў крамах ды базах гародніны, а таксама на фермерскіх гаспадарках пра гэта ад Еўрарадыё чуюць упершыню.


Фермерская гаспадарка Рынга: “У мяне, наадварот, усё патаннела. Калі я бульбу ў чэрвені прадаваў ад 3 да 5 тысяч, то цяпер цана без падатку на дадатковую вартасць знізілася да 900 рублёў. Буракі таксама патаннелі. Усе кошты пайшлі ўніз. Буракі былі больш за 2 тысячы — цяпер 1400. Паўсюль так. Не толькі ў мяне”.


Капусту тут увогуле прадаюць у страту!


“Бо інакш яна проста прападзе. Хутчэй за ўсё, гэта гандаль. Магчыма, у іх з’явілася вольніца па нацэнках?”.


Але і ў крамах кажуць, што цэны на бульбу падаюць.


Крама садавіны і гародніны: “Бульба даўно па цане 2200, і на буракі не падвышалася цана, а падае. Цана ўпала і на рынку”.


Такая ж сітуацыя і ў базах гародніны.


База гародніны: “У нас цэны, наадварот, панізіліся. Калі бульба ў нас, напрыклад, у чэрвені каштавала 5250, то ў ліпені ўжо была 4000, а ў жніўні — 1800. У нас няма падвышэння па гародніне, наадварот — паніжэнне. У жніўні цэны ў нас стабілізаваліся і не змяняюцца”.


Ва ўпраўленні спажывецкіх цэнаў Белстата тлумачаць, што бульба падаражэла па ўсёй краіне. І толькі ў Мінску цэны знізіліся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі