Банк: Заявак на долары было вельмі шмат. Дзе нам узяць такія грошы?
Парытэтбанк прыбраў навучанне з сацыяльных патрэбаў, бо не хапае грошай.
Цяпер тут валюту можна набыць толькі на лячэнне за мяжой ці пахаванне блізкага роднага.
“Шмат студэнтаў вучыцца ў Польшчы, у Літве. І напрыклад, навучанне там каштуе 3 тысячы долараў. Заявак было вельмі шмат… Дзе нам узяць такія грошы? Таму і прыбралі навучанне з сацыяльных патрэбаў. Палічылі, што гэта неабходна не ў першую чаргу”, – кажуць Еўрарадыё ў адным з аддзяленняў Парытэтбанку.
Купіць валюту без чаргі ды па афіцыйным курсе можна ў чатырох беларускіх банках – Беларусбанку, Белінвестбанку, Парытэтбанку і Белаграпрамбанку.
Белінвестбанк: “Соцпатрэбы – гэта для аздараўлення або калі хтосьці з родных памёр за мяжой”.
Еўрарадыё: “А калі хтосьці нарадзіўся за мяжой?”
Белінвестбанк: “Не, толькі на аздараўленне! На вучобу таксама – не”.
Валюту на рукі вам не выдадуць! Грошы пералічаць на рахунак бальніцы, дзе вы будзеце праходзіць лячэнне. Адзінае, што могуць даць на рукі – гэта сутачныя, не больш за 50 долараў у дзень, тлумачаць у Парытэтбанку.
Сацыяльныя патрэбы для Парытэтбанку – гэта таксама толькі смерць роднага або хвароба…
Парытэтбанк: “Была да гэтага вучоба, але ў пачатку жніўня адмянілі. Не хапае грошай – толькі ў першую чаргу хваробы і па смерці блізкіх родных. Хаця б гэта задаволіць”.
Супрацоўнік банку кажа, што людзі просяць больш, чым можа прадаць банк.
Парытэтбанк: “Былі выпадкі, калі людзі прасілі 5 тысяч еўра без прадастаўлення дакументаў. Там, напрыклад, блізкі родны хварэе. Ім кажуць – вы можаце да яго выехаць, вам аплацяць квіткі ў валюце па безнале, сутачнае ўтрыманне могуць аплаціць… Але ж вам не будуць даваць грошы, каб вы лячылі свайго роднага за мяжой!”
Зладзіць пахаванне за мяжой за валюту, купленую ў Беларусі, таксама немагчыма! Долары прададуць толькі для таго, каб выехаць за мяжу і развітацца:
“Вы прадастаўляеце дакументы – завераную тэлеграму, што хтосьці ў вас памер, што вы забраніравалі квіткі. І вам па безнале аплачваюцца гэтыя квіткі. Пахаванне вы не аплаціце. Напрыклад, калі вам нават дадуць сутачныя 50 долараў. Максімальна дадуць на 7 дзён, бо больш няма сэнсу. 7*5=350 долараў. Гэта робіцца для таго, каб чалавек мог выехаць, развітацца… А не так, каб аплаціць…”.
Каб атрымаць валюту на лячэнне за мяжой, трэба, па-першае, мець накіраванне ад Мін. аховы здароўя, а таксама дамову з бальніцай. І прасіць менавіта столькі, колькі трэба на лячэнне… Але без уліку лекаў!
Парытэтбанк: “Калі ў дамове прапісана, што ваша лячэнне будзе каштаваць 5 тысяч долараў, то гэта нармальна. А калі там напісана, што яно каштуе 300, а вы просіце 10 тысяч, таму што вам трэба будзе купляць нейкія медыкаменты, вам гэта ніхто не задаволіць, адразу кажу”.
Звычайна людзі просяць па 2-3 тысячы долараў, кажуць у банку. Заяўку задавальняюць на працягу 2-х тыдняў. Калі ж мэта выезду пахаванне – робяць гэта хутчэй.
Што тычыцца навучання за мяжой, студэнты па-ранейшаму могуць набыць валюту на вучобу у двух беларускіх банках – Беларусбанку ды Белаграпрамбанку. Нагадаем, у траўні-ліпені ў Беларусбанк звярнулася больш за 5 тысяч чалавек, валюты прадалі прыкладна на 4,5 мільёны долараў.