Басіст Happy Face у войску граў гімны для прэзідэнтаў і прэм'ераў
Аляксей Цецін распавёў, чаму культавыя гранжары не выконваюць старыя песні, з-за чаго не выдаюць запісаны альбом, і чаму музыкі адмовіліся ад "бруднага" гуку.
У студыю Еўрарадыё завітаў Аляксей Цецін - басіст, а зараз ужо і вакаліст папулярнага ў канцы 90-х гранж-гурта Happy Face.
Гукавы варыянт:
Частка першая: 120106 Inter 1.mp3
Частка другая: 120106 Inter 2.mp3
Частка трэцяя: 120106 Inter 3.mp3
Частка чацвёртая: 120106 Inter 4.mp3
Еўрарадыё: Вы ўжо даўно запісалі новы альбом, але чаму ён дагэтуль не выдадзены?
Аляксей Цецін: Мы яго пісалі на працягу года. У нас не было такога, што заехалі ў студыю і за тыдзень запісалі альбом. Мы прыязджалі, запісвалі песню. Праз месяц зноў песню запішам. І так мы цягам года пісаліся. А цяпер чакаем зручнага, спрыяльнага моманту, каб яго выдаць. То бок выдаць альбом – не праблема, можна хоць заўтра. Але хацелася б стрэліць гэтым альбомам. Даты выхаду няма, але гэта будзе дзесьці вясной. Мы хочам выдаць альбом не проста для птушачкі, каб праз тыдзень пра яго забыліся. Мы плануем выдаць альбом і ў яго падтрымку зладзіць сур’ёзны, вялікі тур па гарадах Беларусі. А там будзе бачна. Зараз мы спрабуем рабіць канцэрты, каб крыху людзей падагрэць, каб яны пра нас узгадалі. А калі будзе альбом, то можна будзе сур’ёзна і з размахам. Няма альбома – няма што людзям паказваць!
Еўрарадыё: Альбом называецца “Звышновае”...
Аляксей Цецін: Звышновае – гэта выбух у сусвеце, з якога ўсё ствараецца. І другое – гэта звышновы альбом, звышновая пласцінка. Мы вырашылі так назваць, але асаблівага сэнсу тут няма, каб ужо замарочвацца. У нас песня ёсць “Звышновае”. Усяго на дыску будзе 12 песень і рэмікс на нашу ж кампазіцыю мінскага рэпера “Муза Скат”. Адна з песень будзе з другога нашага альбома. Гэта “Амерыка”, якую мы крыху па-іншаму перайгралі і ўключылі ў новую праграму.
Еўрарадыё: У вас быў дыск на англійскай мове, потым на рускай, да “Басовішчаў” вы рыхтавалі праграму на беларускай… Чаму цяпер заспявалі па-руску?
Аляксей Цецін: Мы так падумалі, што руская мова для большасці нашых слухачаў больш зразумелая. Гэта меркаванне нашага гурта. Мы вырашылі, што найбольш даходліва данесці тое, што мы хочам можна менавіта па-руску. І яшчэ! Каб спяваць на англійскай мове трэба прыгожа спяваць, то бок вымаўляць усе словы... Тое ж і з беларускай. А спяваючы па-руску, я больш утульна сябе адчуваю.
Еўрарадыё: На Захадзе сказалі б, што ў вас скончыліся грошы, і вы вырашылі вярнуцца, каб іх зноў назапасіць. Разумею, што Беларусі такая фармулёўка не адпавядае рэчаіснасці, дык што ж прымусіла камбэкнуць?
Аляксей Цецін: Не, музыка ж усё роўна прысутнічала ў кожнага ў жыцці. То бок і слухалі яе, і дзесьці выконвалі, але разам на вялікую сцэну не выходзілі. Я ў войску талеркі ды бубны чысціў. Вось і ўся мая музычная дзейнасць (смяецца). Я ў войску быў у музычным узводзе, так што як-неяк, але ж музыкай займаўся. Мне даводзілася выязджаць сустракаць прэзідэнтаў, прэм’ер-міністраў… Выконвалі гімны, на футбольных матчах таксама… Прыгожа было… Форма была прыгожая (смяецца). Аркестр галоўнай ваеннай камендатуры называліся, вайсковая частка 35703. Карацей, мы ўсе прайшлі пэўны шлях, але зараз я вольны, Яўген (гітарыст) вольны. Вось мы і вырашылі сабрацца зноў і граць музыку.
Еўрарадыё: Вырашылі сабрацца зноў, але чаму ў змененым складзе, ды з іншай расстаноўкай на сцэне (гітарыст Яўген Пракаповіч перадаў месца ля мікрафона басісту Аляксею Цеціну, а таксама змяніўся бубнач)?
Аляксей Цецін: Змяніўся толькі бубнач. Стары бубнач як працаваў на сваёй сур’ёзнай працы, так і працуе, у яго зараз сям’я, дзеці, яму не да музыкі. І мы з Жэняй знайшлі новага бубнача ў асобе Леаніда Гарадзінскага. Чаму зараз я каля мікрафона? Ну, не ведаю, проста мы неяк перагледзелі стаўленне да музыкі. У старым складзе ў асноўным Жэня пісаў музыку. Зараз я раблю музыку ды спяваю. Жыццё ж не стаіць на месцы, мы пачалі граць крыху ў іншым напрамку і палічылі, што ў гэтым напрамку ў мяне лепш атрымліваецца спяваць. Цяпер на 95 адсоткаў музыку пішу я, а тэксты – гэта ўжо цалкам Жэня.
Еўрарадыё: Вось ты казаў пра нейкія змены ў стаўленні да музыкі, у вашым гучанні… Можаш больш дакладна распавесці?
Аляксей Цецін: Што хаваць!? На пачатку свайго кар’ернага шляху кожны музыка глядзіць на нейкі заходні гурт і спрабуе як-небудзь на яго быць падобным. Так было і ў нас. Нас траіх аб’яднала любоў да гурта Nirvana, і мы пачалі рабіць нешта падобнае. Так жа брудна, з крыкамі, шмат поўзання па сцэне… Але зараз мы ўсё ж адышлі ад гэтага. Зараз мы граем больш-менш спакойную музыку. Моц ды драйв засталіся, але цяпер большы ўхіл на мелодыку. Меладычныя вакальныя партыі, меладычныя гітарныя рыфы. Мне падаецца, мы проста крыху выраслі. Ужо няма жадання быць падобным на кагосьці. Такі шлях мы ўжо прайшлі, што, мне падаецца, граем нешта сваё. Не, ну мы слухаем гурты, якія нам падабаюцца, тыя ж Foo Fighters ці Soundgarden… Як яны падабаліся раней, так мы іх і слухаем. Але так, каб на кагосьці канкрэтна быць падобным, то нам гэта ўжо не трэба, адпала.
Еўрарадыё: Памятаецца, як у Мінску гранж быў хіба не самай папулярнай музыкай, па вуліцах хадзіла шмат моладзі ў майках з Кабэйнам, у рваных джынсах, але зараз усё змянілася. Можа, з вяртаннем варта б было неяк падстроіцца пад сучасную моду?
Аляксей Цецін: Не, ну чаму!? Я лічу, што тое, што мы зараз робім, як раз на хвалі. Вельмі шмат заходніх каманд працуе ў гэтым стылі. Усё, што раней было гранжам, ужо выцекла ў нейкія іншыя напрамкі. І зараз гэтая музыка вельмі запатрабаваная. Мы, натуральна, хацелі б неяк улезці ў кампанію да death-металістаў, але нас не бяруць (смяецца). Асабіста я не ведаю, што думаюць астатнія ўдзельнікі гурта, але я не думаю пра гэта. Мы проста робім музыку і атрымліваем асалоду ад самога творчага працэсу. Зразумела, хацелася б, каб на нашы канцэрты хадзілі. Напэўна, кожны музыка гэтага жадае. Ну, а пакуль мы запісалі альбом, думаю мы яго хутка прэзентуем і там ужо расставім усе кропкі над “і”.
Еўрарадыё: Калі браць тыя канцэрты, што вы ўжо адыгралі з моманту ўз’яднання, то ці шмат людзей зараз на вас ходзіць? І ўвогуле, ці памятаюць вас, ці збіраюцца старыя прыхільнікі?
Аляксей Цецін: Памятаюць, але людзі старэйшага пакалення. Напрыклад, калі браць выступы ў 1995-96-м годзе, наведвальнікам было па 15-16 год. Зараз ім ужо па трыццаць з нечым. Калі яны прыходзяць, то кажуць, што безумоўна, памятаюць і г.д. Ну, а малодшыя, якім цяпер па 19-20, то натуральна, яны не засталі тыя часы і памятаць нас не могуць. Але ў гэтым і наша задача, каб зноў заваяваць любоў публікі. На канцэртах мы прынцыпова не выконваем старыя песні. Катэгарычна. Мы хочам вярнуцца да старых альбомаў пазней. Можа быць, неяк перапісаць іх у новым гучанні. Пакуль мы іх адклалі і катаем новую праграму.