"Басы-2012": Местачковы фэст замест еўрапейскага open-air?
Фестываль “музыкі маладой Беларусі” адбыўся без маладых музыкаў. Хаця яшчэ нядаўна "Басы" адкрывалі новыя імёны на беларускай музычнай сцэне.
“Прывітанне, "Басовішча"! Такім чынам пачынаем дзень другі нашага фестывалю музыкі маладой Беларусі”, - вітаецца са сцэны Аляксандр Памідораў.
Ужо ў мінулым годзе паабяцаў сабе, што на "Басы" не паеду. Але, як і цэлы натоўп маіх знаёмых, у гэты ліпеньскі week-and я са спальнікам і намётам усё ж апынуўся ў Гарадку на Беласточчыне.
Першая думка: дзе ўсе? У мінулыя гады паміж намётамі было не праціснуцца. Зараз жа іх набралося каля паўсотні.
“На "Басовішчы" першы раз, мне даволі прыемна. Спрабаваў раней, але не было часу. Прыехаў адпачыць, паслухаць метал, хардкор, сустрэцца з сябрамі. Вельмі добра адыгралі B:N:, таксама спадабаўся Terrakod”, — распавядае Косця, які вучыцца ў Гданьску. Ён на "Басах" упершыню, а я ў Гарадку ўжо ў шосты раз. Лічу, што заспеў лепшыя часы.
Маладыя рэперы PaNaNieba на "Басовішчы" таксама ўпершыню. У прынцыпе ўсім задаволеныя. Адзінае што — запрасілі б крыху іншыя гурты, каб разбавіць рок альтэрнатывай.
IQ48
PaNaNieba: “Вельмі шмат маладых беларускіх людзей у так званым андэграўндзе. Я нават не пра рэп кажу. Пра круты поп, дабстэп і гэтак далей. Не хапае. Я б змяняў. Рабіў бы не 90% рок-гуртоў, а недзе 50 на 50”.
Падчас канцэрту пад сцэнай амаль не бачу традыцыйных бел-чырвона-белых сцягоў. Неяк дзіўна. Затое бачу, як музыкі і журналісты аблюбавалі ноў-хаў: віп-зону з півам па кошце ўдвая танней.
Які IQ сёлетняга канцэрта, я запытаўся ў Сашы Ракаўца і Яўгена Бузоўскага з гурта IQ48.
IQ48: “48! Для нас не малавата, раскідвайце на пяць чалавек. Мне было непрыемна, што няшмат прыехала людзей з Беларусі. Але мне галоўнае, каб людзям падабалася наша музыка, каб мы гралі не проста так. Не важна, беларус гэта ці паляк”.
Калісьці рускамоўны гурт "айкью48" дзякуючы "Басам" стаў прынцыповым беларускамоўным праектам IQ. Таму для іх гэта культавая дзвіжуха, кажуць айк’юшнікі.
Хай сабе нічога новага ў музычным плане не сказалі, але сапраўды падпалілі "Басы" сваім “аграрокам” бярозаўскія хлопцы з “Кальмараў”. Каб патрапіць на сцэну, музыкам давялося крыху пахвалявацца. І нават выбіць шкло ў машыне, на якой яны прыехалі.
Макс і Сяргей ("Кальмары"): "Кіроўца паставіў машыну з раніцы. Пакуль мы адпачывалі, хадзілі на возера — згубілі ключы. А час да выступу "Кальмараў"! Трэба ехаць, а ключоў няма. Таму выклікалі ўсе гэтыя службы, яны нешта рабілі, а кіроўца ўзяў ды разбіў шкло. Праз разбітае шкло даставалі свае інструменты, таму ўсе і спазніліся”.
Вакаліст гурта Znich Алесь Таболіч сёлетнім фэстам расчараваны. Няма конкурсу маладых гуртоў, скарочаны бюджэт, а таксама адсутнічае нармальны апарат. Таболіч сцвярджае, што ў заняпадзе "Басоў" вінаватыя беларусы, а не палякі, як кажуць многія.
PaNaNieba
Алесь Таболіч: “Калі б самі беларусы былі зацікаўленыя, яны б самі прыехалі, і за візы плацілі і тусаваліся. Самае цікавае, год таму рабілі бясплатныя візы, тысячу віз зрабілі, а колькі сюды прыехала? Сто максімум. А ўсе паехалі тарыцца ў "Ашаны". Што за "Басовішча" такое? Па шмоткі”.
Акурат падчас размовы з Таболічам, падыходзіць Томэк - польскі фанат Znich, і просіць у музыкаў аўтограф. Гурт яму падабаецца, а вось сам фэст, на яго думку, губляе свой узровень:
“Менш людзей прыязджае, і беларусаў, і палякаў. Спала вядомасць фестывалю. Ды і шмат фестываляў вакол, у Вэнгажэва і іншыя. Там нашмат больш зорак польскіх, а тут больш вашыя гурты, а не хапае добрых польскіх гуртоў. Напрыклад, Vader”.
Некалі хадзілі чуткі, што на 20-е юбілейнае "Басовішча" хэдлайнерам запросяць U2. А цяпер шэпчуцца пра тое, што хэдлайнер — Neuro Dubel — не прыедзе, бо музыкам не хочуць ставіць візы. А таксама, што музыкі сёлета пагадзіліся граць не за ганарары, а за.. гадавыя візы.
Sciana
Аляксандр Кулінковіч і Юрый Наумаў (Neuro Dubel): “Мы граем не за візы. За грошы. Натуральна, мы граем за людзей. Але граць бясплатна мы не будзем. Мы старэнькія. Паклічуць, з задавальненнем прыедзем і ў наступным годзе. Накурымся, нап’емся і прыедзем”.
Варта прызнаць: “дзюбеля” адыгралі свой сэт якасна, як і звычайна. А многія аматары музыкі прыехалі на фестываль выключна дзеля Neuro Dubel, які зараз мае праблемы з выступамі ў Беларусі.
Што думаюць пра "Басы" беларускія музыкі, якія паспелі паездзіць па іншых open-air’ах, і чым збіраюцца здзіўляць публіку..
Фота: Марцін Полэц