БАТЭ застаўся адзін крок да групавога этапа Лігі чэмпіёнаў
Паўторны матч плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў з "Хапаэлем" пройдзе сёння ў Рамат-Гане. Пачатак жывой трансляцыі ў 21.30 на тэлеканале "Беларусь-2".
Нагадаем, у першым матчы, які прайшоў у Мінску, барысаўчане выйгралі з лікам 2:0. Пераможца супрацьстаяння выступіць у групавым раўндзе галоўнага кантынентальнага турніру.
Як паведамляе прэс-служба барысаўчан, пералёт з Беларусі да нацыянальнага аэрапорта "Бен-Гурыён" заняў больш за тры гадзіны. Гатэль "David Intercontinental", у якім пасяліліся беларусы, месціцца на беразе Міжземнага мора. Тэмпература паветра — каля 30 градусаў цяпла.
Ужо ў Ізраілі да БАТЭ дайшла вестка, што ў нападаючага Дзмітрыя Мазалеўскага ў Беларусі нарадзілася дачка!
Віктар Ганчарэнка і Рэнан Брэсан у панядзелак правялі прэс-канферэнцыю. Мясцовыя журналісты запыталіся ў Ганчарэнкі, што ён думае пра "Хапаэль", ці будзе рабіць змены ў склад сваёй каманды. Беларусаў азадачыла такое пытанне: "Цяпер шмат гавораць пра магчымасці вайны паміж Ізраілем і Іранам. Ці чулі вы пра гэта?". "Наша галоўная задача — засяродзіцца на заўтрашняй гульні", — сказаў Віктар Ганчарэнка.
Гл. таксама: БАТЭ правёў трэніроўку на "Рамат-Гане" (фота, відэа)
Сапернік БАТЭ ізраільскі "Хапаэль" з горада Кір'ят-Шмона сёлета ўпершыню гуляе ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. "Хапаэль" перамог славацкую "Жыліну" — 2:0, 0:1 і бакінскі "Нефтчы" — 4:0, 2:2.
Адзначым, што поўная назва ізраільскага клуба — "Хапаэль Іроні Кір'ят-Шмона" ("рабочы гарадскі [клуб] Кір'ят-Шмона). Ён заснаваны ў 2000 годзе шляхам зліцця гарадскіх камандаў — "Хапаэль" і "Макабі". Каманда выступае ў Нацыянальнай лізе чэмпіянату Ізраіля. Найлепшае дасягненне — першае месца ў першынстве 2011/2012 гадоў.
Фота — fcbate.by, bymedia.net