БАЖ заклікае падтрымаць журналістаў-палітвязняў
8 верасня адзначаецца Дзень міжнароднай салідарнасці журналістаў.
Беларуская асацыяцыя журналістаў прапануе асабіста выказаць увагу і падтрымку журналістам — сябрам БАЖ, якіх пераследуюць у сувязі з падзеямі 19 снежня і іх наступствамі.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. Арганізацыя прапануе даслаць журналістам у няволі лісты або тэлеграмы.
Бастунец: “Сябры мінскага офісу БАЖ накіравалі тэлеграмы нашым калегам, якія знаходзяцца ў зняволенні, і прапанавалі зрабіць тое самае ўсім журналістам ды і проста зацікаўленым асобам. Сёння ў нас на сайце таксама з’явіўся аналітычны матэрыял — “Маніторынг развіцця падзеяў за апошнія тры месяцы ў Беларусі”. Мне здаецца, ён паказвае не толькі тое, што ціск на журналістаў павялічваецца, але і тое, што журналісты могуць супрацьстаяць гэтаму ціску. У тым ліку і з дапамогай салідарнасці”.
Бастунец нагадаў, што пасля падзеяў 19 снежня былі асуджаныя да пазбаўлення волі Зміцер Бандарэнка, Павел Севярынец, Аляксандр Атрошчанкаў і зусім нядаўна быў затрыманы Алесь Бяляцкі, які таксама з’яўляецца сябрам БАЖ.