Штанге: Для гэтай краіны патрэбны трэнер з агнём у сэрцы (ВІДЭА)
У панядзелак у Доме футболу прайшла прэс-канферэнцыя Бернда Штанге, які развітаўся з беларускай зборнай і з Беларуссю.
Раптам Бернд Штанге сказаў "усё" і сыйшоў. Для прадстаўнікоў прэсы было гэта даволі нечакана...
***
Бернд Штанге 4,5 года пражыў у адной кватэры ў Мінску (у беларускай сталіцы ён штогод знаходзіўся больш за 300 дзён). Ён паскардзіўся журналістам, што вельмі мала кантактаваў з суседзямі. Маўляў, ментальнасць у яго такая, што ўвесь час цягнула з імі пагаварыць, пацікавіцца іх справамі. Але водгуку з іх боку трэнер не сустракаў: "Уваходзім разам ў ліфт, і адразу людзі вочы адводзяць, глядзяць у кут".
Штанге: За 4,5 года на тое, каб увайсці ў зборную, прэтэндавалі 35 розных футбалістаў. 34 з іх згулялі. Паводле Штанге, перад кожным выездам ён здаваў спіс кандыдатаў у міністэрства.
"Учора я атрымаў газету з Нямеччыны. Яны згадалі, што 11.11.1981 я правёў першую гульню ў якасці тренера зборнай ГДР на Мальце".
"Падпісваючы дамову, баяўся: як немцу працаваць тут пасля Другой сусветнай вайны? Але ўсе афіцыйныя асобы мяне запэўнівалі, што ніякіх праяваў варожасці не будзе. І сапраўды, ніколі нічога такога не было. У Львове адзін раз крыкнулі ў мой бок "Хайль Гітлер", а ў Беларусі — нічога такога".
"У Віцебску быў у музеі Шагала. У Брэсце хадзіў у Брэсцкую крэпасць. Мне хацелася зразумець краіну: гісторыю, ментальнасць. Кнігі не чытаў, гэта для мяне было цяжкавата. Але вельмі хацеў пазнаёміцца з гэтай калісьці чужой для мяне краінай. Часта ездзіў на рыбалку на Вілейскае вадасховішча. У мяне тут вельмі шмат сяброў застаецца".
На пытанне Еўрарадыё, ці адчуў ён крызіс Штанге сказаў: "Для мяне былі дзіўнымі курсы валют і цэны, якія ўвесь час раслі. Я ж тут жыву, я не мог не адчуць крызіс". Паводле Штанге, нават цягам апошняга года рублі ён мяняў толькі афіцыйна, у абменніках.
Штанге: "Хацелася б, каб футбол па ўзроўні дзяржпадтрымкі быў хаця б на адным узроўні з хакеем!"
"Дзе нашы нападаючыя? — пытаецца Бернд Штанге. — Мы разлічвалі на Карніленка, на Радзівонава, на Глеба. А ў выніку, з розных прычынаў, іх не было! Можа быць, варта было ўзяць гульцоў з унутранага чэмпіянату? Я гаварыў пра гэта ў сваёй справаздачы. Можа тады б мы згулялі лепей..."
"Сур'ёзных памылак мы не дапускалі... Мы заўсёды прытрымліваліся ў працы сваёй лініі".
"Таўшчэзную кнігу я напісаў пасля таго, як трэніраваў зборную Ірака. Там у нас быў удалы час, мы кваліфікаваліся на Алімпіяду... але адной кнігі з мяне, відаць, досыць!"
"Мы набылі тут шмат сяброў і пакідаем самую лепшую памяць пра гэтую краіну... З чыстым сумленнем мы можам ехаць дахаты на сваю радзіму... Уся праца была складанай, але самае складанае — тое, што было шмат задачаў, якія выходзілі за межы працы са зборнай. Даводзілася займацца кваліфікацыяй трэнераў, працаваць з трэнерскімі штабамі..."
"Для гэтай краіны патрэбны трэнер з агнём у сэрцы і верай у тое, што можна дамагчыся немагчымага. Іспанія і Францыя (сапернікі беларускай зборнай па групе ў адборы чэмпіянату свету — Еўрарадыё) — гэта амаль немагчымае!"
Сярод прычынаў няўдачаў зборнай Штанге назваў траўмы гульцоў, тое, што некаторыя з іх патрапілі ў моцныя клубы і засталіся без гульнявой практыкі, а таксама тое, што падчас матчаў зборнай атрымлівалі жоўтыя карткі праз недысцыплінаванасць.
Штанге кажа, што за 4,5 гады выканаць мэты, пастаўленыя федэрацыяй, няўдалося. Але, на яго погляд, "нейкі рух наперад у футболе быў".
***
У панядзелак у Доме футболу прайшла нарада трэнераў вышэйшай лігі. Падчас яе галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Бернд Штанге даў справаздачу пра зробленую працу.
Пасля заканчэння нарады пачалася прэс-канферэнцыя з удзелам Бернда Штанге. Нагадаем, што з камандай трэнер ужо развітаўся.
Фота — bymedia.net