Біяхімікаў і мікрабіёлагаў, якіх збіраецца выпускаць БДУ, чакаюць у міліцыі
А юрысты, набор якіх скарацілі, патрэбныя ў пракуратуры і следчым камітэце. Еўрарадыё паспрабавала знайсці працу для біяхімікаў і біятэхнолагаў.
У БДУ набяруць удвая больш першакурснікаў-біяхімікаў і мікрабіёлагаў. Пры гэтым скарачаюць юрыдычны факультэт.
Дзе ж будуць працаваць выпускнікі з прэстыжным дыпломам біяхіміка і мікрабіёлага.
“Мікрабіёлагамі зацікавілася харчовая прамысловасць. Іх з задавальненнем бяруць у малочную прамысловасць. Біяхімікі патрэбныя ў экспертна-крыміналістычных цэнтрах. Асноўны наш заказчык – Акадэмія навук, якая кожны год патрабуе новыя маладыя кадры. Мы павялічылі прыём па гэтых спецыяльнасцях удвая. Гэта план Мінадукацыі”, - расказваюць на біялагічным факультэце БДУ.
Але на 1-м Мінскім малочным заводзе Еўрарадыё адказваюць, што ім мікрабіёлагі... не патрэбныя. Просяць пачакаць, пакуль хто-небудзь сыдзе ў дэкрэт.
“Нам патрэбныя цяпер кантралёры харчовай прадукцыі. Але туды з вышэйшай адукацыяй не хочуць ісці. Проста шмат жанчын працуе, яны потым у дэкрэтны сыходзяць, можна будзе перасесці на месца біёлага”, - абяцаюць на малаказаводзе.
І прапануюць заробак… у 3 мільёны на будучым месцы мікрабіёлага.
Няма дэфіцыту мікрабіёлагаў і ў Інстытуце мікрабіялогіі Акадэміі навук.
“Да нас прыходзяць студэнты яшчэ з 2-га курса. Нам патрэбныя больш тэхнолагі з тэхналагічнага ўніверсітэта. То бок дэфіцыту ў нас няма”, - распавядаюць у Акадэміі навук.
І абяцаюць аклад у 1 мільён рублёў з хвосцікам + бонусы. Агулам – каля 2,5 мільёнаў. Бо… інстытут дзяржаўны.
У экспертным крыміналістычным цэнтры ад ГУУС Мінгарвыканкама спецыялісты такія патрэбныя:
“Калі нам трэба, мы шукаем чалавека і назначаем адразу. Кадры такія нам патрэбныя, але дэфіцыту няма”.
У міліцыі, значыць, біяхімікаў чакаюць. Але і юрысты, якіх сёлета скарацілі, там таксама патрэбныя. У гэтым годзе размеркавалі ўсіх (!) бюджэтнікаў. Свабодных дыпломаў не было. А нам кажуць, што юрыстаў занадта многа!
“Асноўныя замоўшчыкі ў нас – Пракуратура, Следчы камітэт, адвакатура і Міністэрства юстыцыі. Але размяркоўваюцца і ў банк”, - тлумачаць Еўрарадыё на юрыдычным факультэце БДУ.
“Эканамістаў і юрыстаў цяпер і праўда зашмат. Юрыстам апошнім часам цяжка было ўладкавацца на працу. Але мікрабіялогія, біятэхналогія хоць і былі заўжды запатрабаваныя, але ў нас гэтая праца не будзе высокааплачваемая. Мяркую, людзі атрымліваюць такую адукацыю, каб з’ехаць за мяжу”, - расказвае дырэктар кадравага агенцтва “Квадрат” Святлана Карасцялёва.
Але, наўрад ці сёлетнія абітурыенты, якія ідуць на біятэхнолага і мікрабіёлага, разлічваюць, наколькі будзе запатрабаваная іх спецыяльнасць.