Botanic Project: Мы нідзе не працуем, хіба толькі на падпеўках у Долінай
Клім ды Кеша распавялі пра працу над альбомам "Реанимация", назвалі імёны куміраў ды падзяліліся сэнсам новых песень.
Першая частка ў гуку: 120518 BackStage 1.mp3
Другая частка ў гуку: 120518 BackStage 2.mp3
Трэцяя частка ў гуку: 120518 BackStage 3.mp3
Гурт Botanic Project выдаў трэці студыйны альбом, які атрымаў назву "Реанимация". Паразмаўляць пра альбом у студыю Еўрарадыё завіталі лідары ды вакалісты гурта Клім і Кеша.
Еўрарадыё: Адразу ў мяне пытанне да назвы альбома. Чаму "Реанимацыя"? На вокладцы вы ў рэанімацыйнай машыне, а куды едзеце?
Кеша: Ратаваць свет! Едзем рэанімаваць свядомасць чалавецтва. Мы адчулі такую місію.
Клім: Нічога сабе! Я гэтага нават не ведаў! Насамрэч гэта рэанімацыя мозга хутчэй, рэанімацыя свядомасці, духоўнага разумення свету. А жартаўлівая вокладка ў хуткай дапамозе - гэта ўжо як нейкі піяр-ход, ці што.., сцёб.
Еўрарадыё: Калі казаць пра тэксты, то калісьці "Батанікі" былі прасякнутыя ўсхоняй філасофіяй, але зараз гэта ўжо амаль што знікла...
Клім: Ну чаму!? Ёсць "Дарья" - скажам будзійская песня. Ідэі захаваліся, проста яны сталі тлумачыцца звычайнай мовай. Я стаў больш пісаць так, каб гэта разумелі людзі, якія нічога не ведаюць пра, напрыклад, Веды, увогуле пра індыйскую філасофію. Ёсць на альбоме песня "Шесть Брахманов", яна ўвогуле цалкам вайшнаўская.
Кеша: Проста гэтыя ідэі змяшаліся з беларускім бярозавым сокам. І ўсё стала зразумелым для нашых людзей.
Клім: Сталеем, Ілля!)
Еўрарадыё: То бок захаплення ўсходнімі філасофіямі засталіся?
Клім: Натуральна, гэта на ўсё жыццё: самапазнанне, самакапанне... Не важна, якіх духоўных плыняў ты прыхільнік, мне падаецца, што ў Бога шмат імёнаў. І мы спяваем пра Ісуса, пра Крышну, пра Джа, пра Будду... гэта без розніцы.
Еўрарадыё: Яшчэ калі вы толькі пачыналі, мы на Еўрарадыё рабілі з вамі інтэрв'ю, дзе вы казалі, што вельмі шмат чытаеце. А зараз як?
Клім: Я не памятаю!) Але зараз менш чытаем. Чытаем, калі ездзім у цягніках. Нядаўны мы ездзілі ў Сургут, па тры кнігі прачыталі, бо трое сутак туды ехаць, трое назад. Ёсць проста пісьменнікі, якія мне былі цікавыя, дык вось іх я ўжо прачытаў.
Кеша: Проста зараз інтэрнэт хутчэй стаў!)
Еўрарадыё: А хто гэтыя пісьменнікі?
Клім: Ну, Джордж Оруэл, Герман Гесэ, Бхагавад-Гіта... вельмі шмат духоўнай літаратуры чыталі ў свой час. Кеша, а ты чытаеш, распавядзі нам?
Кеша: Я ўжо даўно не чытаў, хоць у мяне мама працуе ў бібліятэцы. Я вырашыў, што лепш глядзець фільмы.
Клім: Нашых мам завуць Іры і яны абедзве працавалі ў бібліятэцы.
Кеша: У нас увогуле вельмі шмат агульнага.
Клім: Я Клім - чатыры літары на "К", ён Кеша - таксама чатыры літары на "К"
Еўрарадыё: А ўвогуле адкуль з'явіліся гэтыя... мянушкі?
Клім: Мяне завуць так! Сур'ёзна! Я па пашпарце Кляменцій - Клім.
Кеша: Я не Інакенцій, але мяне чамусьці пачалі называць Кеша яшчэ ў юнацтве.
Клім: Ён проста размаўляў вельмі падобна да папугая!)
Еўрарадыё: Ну што ж, давайце ўсё ж вернемся да альбома. Ужо напэўна дакладна ўсе ведаюць, што над ім працавалі 17 музыкаў. Як было з імі працаваць і ўвогуле як адбываўся запіс?
Кеша: Ну, праца над альбомам цягнулася са жніўня мінулага году. І насамрэч шмат музыкаў узяло ўдзел, музыкаў дастаткова знакамітых і ў нас і за мяжой.
Клім: І ў Малдавіі:)
Кеша: 17 музыкаў, гэта таксама вельмі ўмоўна. Асноўны склад Botanic Project - 7 чалавек плюс дзве дадатковыя дудкі: саксафон і трамбон. А 17 чалавек, гэта мы лічым і гукарэжысёра, бо Павел "Чапа" Чарняўскі, які рабіў нам гук, таксама ўнёс немалыя музычныя намаганні. І вельмі шмат было такіх музыкаў: DJ Andy-Rock у двух песнях нам рабіў скрэтч, хтосьці падпісаў флейту, хтосьці домру. Карацей, збіралі музыкаў па ўсім Мінску, паціху пісаліся...
Еўрарадыё: А хто аранжаруе ў вас? Адкуль з'явіліся ідэі заклікаць домру..?
Кеша: Першапачаткова альбом быў запісаны ў дэма версіі і мы ўжо ўяўлялі што дзе будзе гучаць, таму пісалі паводле плана.
Клім: Над аранжыроўкамі ды музыкай больш працуе Кеша, а я больш над тэкстамі.
Еўрарадыё: А музычная адукацыя ў вас ёсць?
Кеша: У мяне ёсць. Я харавы дырыжор, скончыў ліцэй пры кансерваторыі.
Клім: А я калісьці музычную школу скончыў. У басіста няма адукацыі, у Косці Гарачага таксама няма, ён нават вучэльню не сканчаў. Шурык увогуле з трэцяга раза ў вучэльню паступіў, а лічыцца, што ён адзін з найлепшых гітарыстаў у Мінску.
Еўрарадыё: То бок на рэпетыцыях вы знаходзіце агульную мову? Вам не трэба казаць: А тут давайце зробім вось такую "хрэнь"?
Клім: Не! Мы размаўляем менавіта музычнымі тэрмінамі, бо ўсе шмат займаліся самаадукацыяй.
Еўрарадыё: У нашай краіне, напэўна, два найгучных рэгі-гурта вы і "Аддис Абеба". Калі параўноўваць, то вы заўсёды былі больш бадзёрыя, вясёлыя, а "Абеба" больш тужлівая, лірычная. А альбом "Реанимация" нібыта таксама бадзёры, але ў ім вельмі шмат лірыкі. Штосьці змянілася ў вашым жыцці?
Кеша: Старэем!)
Клім: У нас такая тэндэнцыя заўважная, што калі мы сабралі жывы склад, то на канцэртах пачалі рабіць стаўку на больш "двіжовыя" тэмы. Калі паглядзець, то ва ўсіх трох альбомах ёсць нейкія лірычныя і, нават, дзіўныя песні. Проста мы іх не выконваем на канцэртах. А шмат хто ведае Botanic Project менавіта як канцэртны гурт. У нас даўно была мара папісаць нейкія балады, а-ля Грабеншчыкоў, нейкі фальклёр... Мы развіваемся, не жадаем рабіць толькі адзін стыль, стараемя мяшаць, эксперыментаваць.
Еўрарадыё: То бок больш сумаваць у жыцці вы не сталі?)
Клім: Ну, як сказаць!?)
Еўрарадыё: А ўвогуле, як вы сябе ахарактарызуеце?
Клім: Больш вясёлыя! Больш такія, не ведаю, саркастычныя сталі, з'едлівыя. З нейкім пафасам пачалі да розных рэчаў ставіцца.
Еўрарадыё: На прэзентацыі альбома на фэсце "Да!Бро!" перад песняй "Дядька" ваы сказалі, што прысвячаеце яе Змітру Іванову (лідару "Аддис Абеба").
Клім: (смяюцца) Не-е!
Кеша: Песня "Дядька" насамрэч пра Валерыя Леонцьева, расставім усе кропкі над "і".
Клім: (смяюцца) Гэта зборны персанаж, хутчэй.
Еўрарадыё: Я так разумею вы сябе з ім неяк супастаўляеце?
Клім: З Валерыям?) Памятаю з рыбалкі вяртаўся, накінуўшы невад на плечы...)
Кеша: Трэці куплет пра Кліма, можна сказаць дакладна. А астатнія словы былі неяк навеяны лёсам такіх музыкаў, як Олдзі з "Комитета охраны тепла", Ігара Куліка з "Острова", шмат гэтых дзядзек, якія добра спяваюць, але шмат пілі і курылі...
Еўрарадыё: Калі ўжо пра гэта пайшла размова, то вам патрэбен нейкі допінг?
Botanic Project: Адціснуцца разоў з трыста перад выступам, абавязкова дыхальныя практыкаванні...) Мы спрабуем выступаць па-трэзвяку!
Еўрарадыё: Пералічылі вы музыкаў, якім прысвяцілі песню "Дядька", а ці ёсць у вас куміры, тыя, на каго хочаце быць падобнымі?
Клім: Мы спрабуем неяк сваю музыку рабіць, а не быць на кагосьці падобнымі. Але натуральна ёсць людзі, з якіх пачалося... Вось з Боба Марлі, я ад самага дзяцінства яго люблю і ён для мяне быў кумірам.
Кеша: А я вось хачу стаць як Клім, калі вырасту!) Праз гады два!) (рагочуць)
Клім: Майкл Джэксан вельмі падабаецца! А ў цябе, Кеша, якія куміры акрамя мяне?)
Кеша: Анджаліна Джалі (рагочаць)
Еўрарадыё: Вы зараз часцей пачалі ездзіць у туры...
Кеша: Галоўнае, каб не ў пракуратуры (смяюцца)
Клім: Так! Усё, супакоіліся! Інтэрв'ю жа!) Так, часта ездзім апошні год. У нас проста ёсць розныя варыянты складу. Мы часта ездзім удваіх, у акустычным складзе: гітара, клавішы і спяваем:). У нас быў тур па Прыбалтыцы ў лютым, ездзілі ў Сібір, Гданьск, зразумела Піцер, Масква, Смаленск.
Еўрарадыё: А публіку можаце параўнаць?
Клім: Вядома, яна вельмі адрозніваецца! Нават, маскоўская і мінская. Мінскую трэба вельмі доўга трэба раскачваць, у Маскве ўсе адразу на вушах стаяць.
Еўрарадыё: Гэта рэдкая з'ява для Беларусі, але ці можна сказаць, што вы зарабляеце музыкай? То бок, вы больш нідзе не працуеце?
Клім: Шчыра, мы не шмат зарабляем, але нідзе больш з Кешам не працуем, ды і нашы музыкі таксама толькі музыкай займаюцца. Праўда яны яшчэ шмат дзе граюць апроч Botanic Project. А мы з Кешам граем толькі ў Botanic Project, ну і на падспеўках у Ларысы Долінай па суботах (смяюцца). Гэта ў асноўным і прыносіць грошы.
Еўрарадыё: Дарэчы, у гэтую суботу 19 траўня будзеце граць у якасці ды-джэяў...
Клім: Не! Гэта я адзін. Я больш Кешу не пускаю да пульта граць музыку, бо ён заўсёды ставіць "Аргентина-Ямайка 5-0", нейкія такія трэкі.
Еўрарадыё: А ты што ставіш?
Клім: Тое, што на мой погляд цікавага адбываецца ў сучасным інтэлектуальным рэгі. Я не граю дэнсхол, ці рэгетон, нейкія рыдзімы. Я люблю граць рэгі, якое сапраўды цікава і смачна зроблена.
Еўрарадыё: Вы выклалі свой альбом "Реанимация" у інтэрнэт...
Кеша: Гэта неабходнасць! Мы падумалі, што лепш выкладзем самі, чым заўтра чалавек, які набыў дыск, выкладзе з няправільнымі назвамі песень ды ў незразумелай якасці. Мы вырашылі, што музыка не матрыяльная рэч, і прадаваць яе можна толькі на матэрыяльных носьбітах. А тое, што ў інтэрнэце - для бясплатнага скачвання.
Клім: Ну, а той, хто жадае дыск, то мы прадаем іх на канцэртах. У наш час музыкі зарабляюць толькі канцэртамі, таму мы так і зрабілі.
Еўрарадыё: Ці ёсць інфармацыя колькі чалавек ужо скачала альбом?
Клім: Акурат перад выхадам альбома мы запусцілі сайт і першы час было па паўтары тысячы скачак за дзень. Плюс Last.fm, дзесьці тысяча скачванняў на RuTrecker, і яшчэ дзесьці людзі качаюць.
Кеша: То бок дробязь у параўнанні з 6-7 мільярдамі насельніцтва:)
Клім: Альбом выйшаў 23 красавіка, калі падлічыць кожны дзень па 500-1000 чалавек, то нешта ўжо скачалася.
Еўрарадыё: Вашае развіццё відавочна: вы выраслі з трыа ў такі біг-бэнд, а што далей? Можа вы на сцэну будзеце 17 чалавек выводзіць?
Клім: Калі магчымасці будуць дазваляць, то хацелася б. Наступны альбом будзе прыкладна такім жа, як і гэты, адзінае ён будзе больш камерны, не такі насычаны. То бок ён не будзе такі прыпапсаваны, калі простай мовай казаць. Гэта будзе рэгі тыпу песні "G-Meditation", "Растаманы", "Дядька"... Будзе менш трэкаў, дзесьці 10-11, але ўсе яны будуць, на наш погляд, з арыенцірам на хітовасць і на "тру". Што-небудзь такое, што чапляе, пабудаванае на рыфах, можа нават не такое складанае па аранжыроўках, як на гэтым альбоме. Паглядзім, але пакуль у планах такое.
Еўрарадыё: Відэа будзеце рабіць?
Кеша: Мы гэтым летам плануем зняць некалькі кліпаў на песні з альбома "Реанимация". Можа нават тры здымем, але гэта пакуль у планах. У Каліненградзе ёсць добры кліпмэйкер, які гатовы намі заняцца. Засталося сабраць ідэі, арганізаваць, прыдумаць ды зняць.
Клім: Дакладна будзем здымаць кліп на "Дядьку" і на "Растаманов", а трэці... пакуль вырашаем на "Мороз", "Один шаг" ці "G-Meditation".
Еўрарадыё: Прачытаў, што вы збіраецеся перакласці песню "Снайпер" на беларускую мову...
Кеша: Гэта не нашая ідэя, нам прапанавалі і мы пагадзіліся. Будзе абвешчаны конкурс на лепшы пераклад, які мы потым запішам і выдадзім.
Еўрарадыё: Чаму менавіта гэтая песня?
Клім: Ну, яна блізкая да гэтага, там "простой белорусский герой". Песня неадназначная, у ёй закладзена шмат сэнсаў, але паверце аўтару тэкста, ніякага палітычнага падтэксту туды не ўкладалася. Размова ў ёй вядзецца пра маладога 17-гадовага салдата, якога кінулі ў бой. Але ёсць і пэўная вострасацыяльная тэма, якая зараз існуе ў нашай краіне. Яна крыху скразіць.
Еўрарадыё: Мне падалося, што сацыяльная тэматыка шмат прысутнічае на гэтым альбоме.
Клім: На гэтым альбоме яе больш, чым раней.
Еўрарадыё: Ці значыць гэта, што вы пачнеце лупіць сацыяльныя тэксты, як, напрыклад "Ляпісы".
Клім: Можа дзеля прыколу зробім нешта, але не думаю, што гэта стане тэндэнцыяй для Botanic Project.
Кеша: Але гэта не палітычныя будуць тэксты! Толькі калі сацыяльны сарказм, тады так! У нас і так па жыцці гэта прысутнічае, таму і песнях адлюстроўваецца.
Клім: Увогуле Botanic Project - гэта духоўнае рэгі і мы заўсёды сябе пазіцыянавалі менавіта, як такі праект. Напэўна, ён такім і застанецца.
Еўрарадыё: У вас з'явіліся трэкі, якія нават і не скажаш, што рэгі. Да прыкладу балада "Воздушный шар".
Клім: Гэта ўвогуле песня, якую я напісаў дома пад гітарку і выконваў яе гасцям, недзе на тусоўках, на выездах, неяк атрымлівалася паспяваць яе паўсюль на кухнях. Яна была ўвогуле не ў стылі Botanic Project, але ў выніку так атрымалася, што мы яе ўсё ж уставілі ў альбом, перааранжыравалі... А чаму толькі рэгі, мы шмат музыкі слухаем... што вы адразу рэгі? (смяюцца)
Еўрарадыё: Часта на кухнях збіраецеся?
Клім: Пакуль не ажаніўся, часце няма куды (смяецца). Я на кухні больш бачыў, чым ты з маці на круізе!)
Скачаць трэці альбом Botanic Project "Реанимация" можна тут, а меркаванне рэдакці Еўрарадыё пра яго можна пачытаць-паслухаць тут.