Брусельскія эксперты: "Санкцыі ЕС не паўплываюць на сітуацыю ў Беларусі...

Эксперты брусельскіх даследчых цэнтраў скептычна глядзяць на ўплыў санкцый Еўрасаюза на сітуацыю ў нашай краіне і кажуць, што Беларусь – не ў прыярытэце замежнай палітыкі ЕС і ім не будзе бліжэйшым часам.

Эксперт Французскага інстытута замежнай палітыкі Катажына Пэўчынская-Наленч і даследчык Цэнтра даследаванняў еўрапейскай палітыкі Пётр Мацей Качынскі каментуюць нядаўняе рашэнне Савета ЕС, разважаюць пра эканамічныя санкцыі і палітыку ЕС да Беларусі.

Катажына Пэўчынская-Наленч: “У рашэнні Савета ЕС няма нічога дзіўнага, кожны чакаў візавыя санкцыі і замарозку актываў. Я б разглядала яго як сімвалічныя санкцыі, для захавання Еўрасаюзам свайго твару, выражэнне сваёй крытыкі і нязгоды з рэпрэсіямі ў Беларусі. Але такія дзеянні не паўплываюць на сітуацыю ў Беларусі, не зменяць паводзіны рэжыму і не прывядуць да дэмакратызацыі”.

Катажына Пэўчынская-Наленч сумняваецца, што ЕС можа вырашыцца на эканамічныя санкцыі. Пагатоў, гэта б шкодна адбілася на ўсім грамадстве. Таму застаецца пастаянная падтрымка апазіцыйных структур і грамадзянскай супольнасці.

Катажына Пэўчынская-Наленч: “Але ні ў кароткай ні нават у сярэдняй перспектыве гэта не прынясе заўважных вынікаў, гэта доўгатэрміновая стратэгія. Яна можа даць плён праз 5, 10 гадоў... З іншага боку, цікавыя прыклады – Егіпет і Туніс. Там сітуацыя развілася, калі гэтага ніхто не чакаў. І калі ў Беларусі адбудзецца падобнае, то Еўрасаюзу не трэба меркаваць: падтрымаць стабільнасць ці дэмакратызацыю. У Беларусі няма ісламісцкай пагрозы, і дэстабілізацыі няма чаго баяцца. Таму выбар – дэмакратызацыя – павінен быць адназначным”.

Пакуль жа Беларусь для ЕС далёка не такі важны прыярытэт, як згаданы Егіпет, працягвае эксперт.

Катажына Пэўчынская-Наленч: “Егіпет мае важнасць у глабальным плане па шэрагу прычын: блізкасць да Сярэдняга Усходу, да Ірана, праз транспарціроўку нафты. Нерэалістычна меркаваць, што ў блізкай перспектыве беларускае пытанне будзе больш важнае для Еўрасаюза. Беларусь у замежнай палітыцы ЕС зараз – дакладна не прыярытэт, і ім бліжэйшымі гадамі не стане”.

З Катажынай Пэўчынскай-Навэньч пагаджаецца эксперт брусельскага Цэнтра даследаванняў еўрапейскай палітыкі Пётр Мацей Качынскі. Аднак ён не выключае эканамічных санкцый у будучыні. Але гэта зусім не панацэя, падкрэслівае эксперт. Нават моцныя эканамічныя санкцыі ЗША супраць Кубы за паўстагоддзя не зрушылі рэжыму Кастра.

Пётр Мацей Качынскі: “Эканамічныя санкцыі ў будучыні могуць быць уведзеныя. Але Еўрасаюз не можа прынесці змены ў краіну, гэта проста немагчыма. Гэта залежыць ад беларускага народа перш за ўсё. Замежныя фактары могуць толькі дапамагчы, але не змяніць палітыку Лукашэнкі альбо каго б там ні было. Праз санкцыі ЕС проста дэманструе сваё стаўленне да падзеяў, і не трэба думаць, што Беларусь можа дэмакратызавацца праз эканамічныя санкцыі ЕС альбо ЗША”.

Увогуле падзеі ў Беларусі пасля выбараў не сталі суцэльнай неспадзяванкай, кажа Пётр Качынскі.

Пётр Качынскі: “Палітыка паступовага адкрывання Беларусі была рулеткай, была картай у гульні з Лукашэнкам. І гульня скончылася негатыўна. Але ж для ЕС шкода ад гэтага была мінімальнай, калі была ўвогуле. ЕС не згубіў даверу ў вачах апазіцыі, і не згубіў свайго ўплыву на Лукашэнку, на добры лад, ён яго і раней не меў. Проста рулетка не згуляла ў гэты раз”.ЕС не згубіў даверу ў вачах апазіцыі, і не згубіў свайго ўплыву на Лукашэнку, на добры лад, ён яго і раней не меў. Проста рулетка не згуляла ў гэты раз

Ці згуляе яна ў наступны – будзе бачна бліжэйшым часам.

Фота: ru.uefa.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі