Бульба з-пад Валожына ў 10 разоў перавысіла нормы па радыяцыі

У раёне аграгарадка Пяршаі Валожынскага раёна ў 1986-м годзе асела “чарнобыльская пляма”. Забруджванне цэзіем у некаторых месцах ацанілі ад 5 да 15 кюры. Давялося нават высяляць некаторыя вёскі.

Сёння Пяршаі ― гэта ўзорны аграгарадок: добрыя дарогі, прадпрыемства, зграбныя дамкі. Прыязджаем сюды (дарога легкавіком ад Мінска займае ўсяго 40 хвілін) і праводзім журналісцкае даследаванне па выяўленні радыяцыі. Для гэтага выкарыстоўваем звычайны бытавы дазіметр.

Замяраем плітку каля вядомага архітэктурнага помніка — касцёла Святога Юрыя, правяраем гліністую глебу на адным з падворкаў, яшчэ на адной гаспадарцы выкопваем ямку ў 30 сантыметраў і мераем. Нідзе магутнасць дозы выпраменьвання не перавышае 15 мікрарэнтген у гадзіну. Гэта ў межах нормы.

Вядома, што выявіць бытавым дазіметрам так званую паглынутую дозу радыяцыі (яна ўтрымліваецца, скажам, у прадуктах харчавання) немагчыма.

Таму ў мясцовых жыхароў купляем бульбу і малако. Дазіметр паказвае норму. Для пэўнасці тавар вязём праверыць ў адну з лабараторый. Даследаваць прадукты харчавання на цэзій магчыма ў кожным райцэнтры. Працэдура каштуе каля 20 тысяч рублёў. Выявіць стронцый могуць лічаныя лабараторыі, даследаванне патрабуе радыехіміі і каштуе 120 тысяч рублёў.

Вынікі экспертызы здзівілі. Па цэзіі-137 бульба аказалася чыстай. Па стронцыі-90 экспертыза паказала 40,5 бекерэля на кілаграм. Гэта перавышэнне беларускіх нормаў больш як у 10 разоў (дапускаецца 3,7 бекерэля на кілаграм). Гэту бульбу жыхарка Пяршаяў атрымлівала за бясплатна ў якасці сацыяльнай дапамогі!

***

Кантроль прадукцыі па цэзіі-137 ў Беларусі жорсткі. Плямы забруджванняў на картах паступова знікаюць. Складваецца ўражанне, што вось-вось некалі гучная праблема будзе вырашана і ўсё добра.

Наша даследаванне паказала, што жорсткі кантроль ажыццяўляецца не па ўсіх радыенуклідах. Хоць той жа стронцый-90 накопліваецца ў костках і з гэтай прычыны павольна выводзіцца і паражае жыццёва важныя органы, можа прыводзіць да злаякасных пухлінаў у сістэме кровазвароту. У зоне асаблівай рызыкі ― дзеці.

Паступова на арэну выходзіць радыенуклід амерыцый, пра ўздзеянне якога на арганізм ўвогуле мала што вядома.

У той жа час кампетэнтныя навукоўцы сцвярджаюць, што ад уздзеяння чарнобыльскай радыяцыі беларусы могуць уратавацца. Паводле дадзеных МНС, у гаспадарчы абарот увялі блізу 7% некалі забруджанай зямлі. І няма падставаў сумнявацца, што вырошчваць на гэтых землях “чыстую” прадукцыю магчыма.

Іншая справа ― ці ёсць у нас інтэлектуальныя рэсурсы для бяспечнага выкарыстання зямель? Як паказала наша даследаванне, нават на ўскосна чыстых тэрыторыях з бяспекай ёсць праблемы.

Як цалкам уберагчыся ад радыенуклідаў?

Звяртаемся да беларускіх навукоўцаў з пытаннем, ці змяншаецца ўплыў чарнобыльскай радыяцыі на беларусаў.

“Асноўнымі дозаўтваральнымі элементамі на сёння з’яўляюцца цэзій і стронцый. Перыяд паўраспаду гэтых элементаў каля 30 гадоў, ― аналізуе доктар біялагічных навук, дырэктар Інстытута радыебіялогіі НАН Беларусі Аляксандр Навумаў. ― Праходзіць 30 гадоў, і элементаў фактычна робіцца ў два разы менш, і сітуацыя паляпшаецца. Пройдзе яшчэ 30 гадоў ― і ад першапачатковай колькасці застанецца чвэрць. Адпаведна, колькасць паступленняў ў арганізмы раслінныя і чалавека таксама будуць меншыя.

З іншага боку, некаторыя элементы робяцца больш даступнымі. Вось, напрыклад, праблема стронцыя на сёння. Калі ў першыя гады пасля аварыі ён быў маларухомы, то зараз ён больш рухомы. З гэтай прычыны там, дзе стронцый прысутнічае, прадукцыя будзе забруджвацца трошкі больш. Але ў цэлым стронцыю будзе ўдвая менш”.

 

Еўрарадыё: Ці бяспечна жыць людзям у зонах плямаў, якія пазначаны на так званых радыяцыйных картах?

Аляксандр Навумаў: Тыя плямы, якія існуюць, напрыклад, на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай абласцей і не ўвайшлі ў зону адсялення ці кантролю, — там жыць бяспечна. У тым жа Мінску можна знайсці ўчасткі ці раёны з прыроднымі фонамі, якія значна большыя. Таму што мы жывём ва ўмовах пастаяннага прыроднага радыяцыйнага ўздзеяння. Вось мы ўгнаенні калійныя ўжываем: там калій-40 ― прыродны радыенуклід, ад якога ўвогуле немагчыма пазбавіцца. Маецца праблема радону. Мы карыстаемся газам, у якім таксама ўтрымліваюцца радыеактыўныя рэчывы. Калі на кухні ў халодны перыяд мы будзем абаграваць памяшканне пры дапамозе пліты, то наяўнасць радону там будзе ў разы большая, чым у суседнім пакоі. А радон і курэнне ― гэта рак лёгкіх.

Навукоўцы папярэджваюць, што сёння атрымаць радыяцыйную чарнобыльскую дозу магчыма толькі праз прадукты.

Рызыка ― гэта ўсё лясное: грыбы, ягады, дзічына. Забруджанай можа быць рыба з стаячых вадаёмаў, ― тлумачыць в.а. дырэктара Інстытута радыяцыйнай бяспекі “Белрад” Іван Краснапёраў. ― Гароды пераворваюцца, у глебу ўводзяцца ўгнаенні, каб знізіць утрыманне радыенуклідаў. А радыяцыя ў лясной глебе як ляжала, так і ляжыць. Калі ты пражываеш на забруджанай тэрыторыі, але прымаеш пэўныя меры перасцярогі ― правяраеш прадукты ― шкоды сабе не нанясеш”.

Высновы:

 

1)   Сыравіна з праблемных рэгіёнаў усё яшчэ можа быць небяспечнай, таму прадпрыемствы павінны быць асабліва пільнымі і забяспечваць усебаковы кантроль такіх прадуктаў.

2)   Беларусы могуць цалкам абяззброіць наступ чарнобыльскай радыяцыі, але для гэтага неабходна больш сур’ёзна кантраляваць “чысціню” хатніх і прамысловых прадуктаў на ўсе актуальныя радыенукліды.

3)    Магчыма, усіх варта папярэдзіць, каб прытрымліваліся радыяцыйнай бяспекі ў любым нашым рэгіёне. 

Вымярэнні бытавым дазіметрам у Пяршаях наяўнасці радыяцыі не паказалі

Гэта мапа забруджвання Беларусі стронцыем-90 за 2004 год. Валожыншчына тут чыстая. Хоць, як аказалася. нормы па стронцыю у прадуктах харчавання перавышаныя ў многія разы. Выходзіць, што карты складзены недасканала.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі