Трагедыі на ЧАЭС амаль 40 гадоў, але рызыкі паўтарэння захоўваюцца — Ціханоўская

Чарнобыльская АЭС

Чарнобыльская АЭС / AFP

У сувязі з чарговай гадавінай аварыі на Чарнобыльскай АЭС Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў. 26 красавіка спаўняецца 38 гадоў з моманту катастрофы, якая закранула амаль кожную беларускую сям'ю.

"Гэта прыклад безадказнасці і беспакаранасці ўладаў, а найвышэйшую цану за іх плацяць людзі. І хоць з моманту трагедыі прайшло амаль 40 гадоў, на жаль, мы не можам сказаць, што рызык яе паўтарэння не існуе", — адзначыла Святлана Ціханоўская.

Яна нагадала пра Астравецкую АЭС, якую пабудавалі пры Аляксандру Лукашэнку. Ужо ў працэсе будаўніцтва ўзнікалі няштатныя сітуацыі, здараліся і праблемы ўжо ў працэсе эксплуатацыі.

"Жудасна нават уявіць маштаб экалагічнай катастрофы, да якой рэжым можа прывесці краіну", — адзначае лідар беларускіх дэмсілаў. Акрамя таго, расійская ядзерная зброя, якую Лукашэнка дазволіў размясціць у Беларусі, ператварае краіну ў мішэнь. "Для яго гэта інструмент, каб пагражаць суседзям і падняць уласную значнасць. Але закладнікамі гэтай безадказнай палітыкі становяцца 9 мільёнаў чалавек", — кажа Святлана Ціханоўская.

Успомніла Ціханоўская і пра палітвязняў. Рэжым ператварае краіну ў гуманітарны Чарнобыль, калі тысячы людзей знаходзяцца ў турмах, а сотні тысяч выехалі. "Наш шлях да будучыні не павінен быць Чарнобыльскім. Ён павінен быць бяспечным для нас і нашых дзяцей. Я ўпэўненая: мы абавязкова ўбачым нашу краіну без ядзернай пагрозы. І без дыктатуры, якая да ўсяго гэтага прывяла", — звярнулася да беларусаў Святлана Ціханоўская.

Нагадаем, 26 красавіка 2026 года на Чарнобыльскай АЭС, размешчанай на поўначы Украіны, адбылася аварыя. У той дзень на станцыі быў запланаваны чарговага планава-папераджальны рамонт з выпрабаваннем абсталявання. У выніку аднаго з выпрабаванняў і здарыўся выбух. Быў разбураны рэактар чацвёртага энергаблока. У навакольнае асяроддзе было выкінута вялікая колькасць радыеактыўных рэчываў. Большая частка небяспечных рэчываў асела ў Беларусі.

Савецкія ўлады больш за суткі маўчалі пра трагедыю. Першае паведамленне з'явілася ў савецкіх СМІ 27 красавіка — праз 36 гадзін пасля катастрофы. Радыё ў горадзе Прыпяць, размешчаным побач са станцыяй, паведаміла аб часовай эвакуацыі мясцовых жыхароў. Людзей з 30-кіламетровай зоны, куды траплялі і беларускія раёны, пачалі вывозіць яшчэ пазней. Пры гэтым людзям забаранялі браць з сабой рэчы і хатніх жывёл. У заходніх СМІ казалі пра пагрозу жыццю людзей, а ў савецкіх — рыхтаваліся да першамайскіх дэманстрацый. Іх так і не адмянілі.

Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, прадстаўленым у 2005 годзе, у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС у канчатковым рахунку магло загінуць у агульнай складанасці да 4000 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі