Бягун: У спісах невыязных зараз каля 130 тысяч беларусаў
Спісы гэтыя ёсць у расійскіх памежнікаў і выехаць у трэцюю краіну з Масквы ў беларускіх невыязных не атрымаецца.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун:
“Нашы беларускія спіскі ўключаюць каля 130 тысяч. І ўсе, хто ходзіць на свабодзе (але мае абмежаванне на выезд — Еўрарадыё), яны практычна ўсе там ёсць”.
Спісы невыязных абнаўляюцца штодня, але лічба застаецца прыблізна аднолькавай, адзначыў Бягун.
У лік 130 тысяч невыязных трапілі людзі, якія маюць абмежаванні за выезд за мяжу ў сувязі з судзімасцямі, ухілісты ад пэўных выплат і іншыя парушальнікі. Нядаўна гэты спіс папоўнілі і некалькі апазіцыйных дзеячоў, але дагэтуль ім удавалася выязджаць за мяжу праз Расію.
Нагадаем, сёння расійскія памежнікі заявілі, што будуць пільнаваць беларускі "спіс невыязных". Таму выезд з Расіі закрыты для тых, хто не мае права выезду з Беларусі.
Глядзі таксама: Спісы невыязных беларусаў у расіян абнаўляюцца раз на тыдзень
Фота — kp.by