Чаму адмянілі канцэрт “Дай Дарогу!”?

130306_malina_dd.mp3

8 сакавіка ў Салігорску мусіў адбыцца канцэрт брэсцкага панк-гурта “Дай дарогу!”, 9 сакавіка — мінчукоў “Серебряная свадьба”. Але абодва канцэрты адмененыя. Выступ брастаўчан не выратаваў нават перанос.

“Я мала размаўляў з арганізатарамі, таму інфармацыі ў мяне няшмат, ― прызнаецца лідар “Дай Дарогу!Юрый Стыльскі. ― Чамусьці адмянілі! Ці то малы стаж канцэртнай дзейнасці ў арганізатара, і ён не пацягнуў, да канца не прабіў нешта. Ці то ён сутыкнуўся з нашымі ахоўнікамі закона: нейкімі выканкамамі, гарвыканкамамі, і яны яму палкі ў колы ўстаўляюць”.

Еўрарадыё вырашае разабрацца ў сітуацыі.

Найперш мы тэлефануем арганізатару канцэрта Аляксандру Дзялянку. Недасведчаным яго не назавеш, у Салігорску яго імя ведаюць. Ён распавядае, што першы раз канцэрт “Дай дарогу!” адмянілі з-за нецэнзурнай лексікі ў тэкстах.

“На думку “ідэалогіі” райвыканкама, гурт лаецца матам, — яшчэ 22 лютага тлумачаць у сацыяльных сетках арганізатары мерапрыемства. — Пасля доўгіх угавораў вырашана зацвердзіць рэпертуар. Мы атрымаем афіцыйны адказ ад “ідэалогіі райвыканкама” і апублікуем яго абавязкова, каб ніхто не сумняваўся”.

Канцэрт вельмі сімвалічна пераносяць з 23 лютага на 8 сакавіка.

“Нам паабяцалі, што “там” разгледзяць рэпертуар, ― наўмысна не называе ні імёнаў ні структур, якія забараняюць канцэрты ў Салігорску, Аляксандр Дзялянка. ― Да таго ж, “Дай Дарогу!” вырашылі не выконваць песні з лаянкай. Мы нават навіну пра гэта рабілі. У выніку, рэпертуар “яны” “там” разгледзелі, але канцэрт не дазволілі. Прычын не назвалі. Я “ім” нават дасылаў афіцыйныя лісты, але так адказаў і не атрымаў. Але для любога мясцовага райвыканкама ў любым горадзе гэта нармальна!”.

У аддзеле культуры Салігорскага райвыканкама Еўрарадыё тлумачаць, што займаюцца толькі ўпраўленнем дзяржаўнымі культурнымі ўстановамі. Па словах чыноўнікаў, назву “Дай Дарогу!” тут ніколі не чулі. А ўзгадненні канцэртаў адбываюцца выключна праз кіраўніцтва вобласці.

У мінскім аблвыканкаме адразу ж папярэджваюць, што па законе ніякіх забарон быць не можа! Арганізатары мусяць толькі своечасова паведаміць, што канцэрт адбудзецца.

“У нас інфармацыі, што ў Салігорску будзе такі канцэрт, няма, ― кажуць ва ўпраўленні культуры аблвыканкама. ― Былі апавяшчэнні, што выступіць Наталля Каралёва, іншыя выканаўцы. А інфармацыі пра “Дай Дарогу!” не паступала”.

Дзіўна! З кім жа ўзгадняўся канцэрт і хто яго не дазволіў? І ці ўзгадняўся ўвогуле? Намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай працы Мікалай Маскевіч паведамляе як адсякае, што выканкам “нідзе не размяшчаў інфармацыі пра забарону”.

Пытаемся наўпрост пра “Дай дарогу!”. Спачатку Мікалай Іванавіч кажа, быццам бы пра канцэрт брастаўчан не ведае, а з творчасцю гурта не знаёмы. Але праз хвіліну ідэолаг прызнаецца, што бачыў афішу на www.soligorsk.org.

“Я гэты гурт не ведаю, ― працягвае Мікалай Маскевіч, і раптам зноў здзіўляе рэзкай зменай у “паказаннях”. ― Я бачыў тры відэакліпы, размешчаныя на www.soligorsk.org, і ўсё! Але па тэлефоне каментаваць убачанае не жадаю”.

Больш з “ідэалогіі райвыканкама” нічога выцягнуць не атрымліваецца. Але сказанага дастаткова: зразумела, што ў раённай адміністрацыі пра творчасць “Дай дарогу!” у курсе.

Натуральна, ніхто не прызнаецца ў тым, што менавіта ён сваім тэлефанаваннем забараніў канцэрт. Баяцца называць канкрэтныя імёны і арганізатары. Затое несумнеўна, што Салігорскія чыноўнікі валодаюць "бясспрэчным" музычным густам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі