Чэрвенскі рынак застанецца ў Ленінскім раёне Мінска

Пра гэта Еўрарадыё распавёў лідар грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.
21 чэрвеня на сходзе прадпрымальнікам “Чэрвенскага рынку” чыноўнікі Мінгарвыканкама паведамілі, што рынак атрымае новую пляцоўку ў Ленінскім раёне сталіцы. За ўсе камунікацыі і нават заліўку асфальта заплаціць іранская кампанія, якая будзе будаваць на месцы старога рынку гандлёва-забаўляльны комплекс.


Еўрарадыё: Ці можна гэта назваць перамогай прадпрымальнікаў?


Шумчанка: “Гэта перамога здаровага розуму, па-першае. А па-другое, гэта сапраўды вынік, які паказала арганізацыя “Перспектыва” разам з прадпрымальнікамі “Чэрвенскага рынку”, якія праявілі актыўную пазіцыю ў адстойванні сваіх правоў і інтарэсаў”.


Еўрарадыё: Іншая пляцоўка, якую атрымалі прадпрымальнікі, будзе рабіцца не за іх кошт?


Шумчанка: Так. Тое, што зараз адбываецца, як на дзіва, гэта тыя прапановы, якія агучыла “Перспектыва” месяц таму і напярэдадні сённяшняга сходу на рынку. Зямлю вылучаць у Ленінскім раёне. І хочацца, каб так працягвалася і надалей. Хочацца, каб улада зразумела, што з прадпрамальнікамі трэба дамаўляцца і ёсць структуры ў грамадстве, якія не пакінуць іх сам-насам і будуць працаваць на карысць сваёй краіны”.


Еўрарадыё: Чаму чыноўнікі пагадзіліся, радыкальных жа акцыяў пратэсту не было?


Шумчанка: “Мы праводзілі штотыдзень сходы, якія маніторылі дзяржаўныя структуры. На сходах мы заяўлялі, што калі не будуць выкананыя нашыя ўмовы, то мы гатовыя да акцыяў пратэсту, страйкаў, выйсця да адміністрацыі і г.д. Гэта было сказана, аб гэтым было дакладзена, настроі былі дакладзеныя. Яны нас добра ведаюць, таму ім такія меры, канешне, непатрэбныя”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі