Ці будуць праваслаўныя адзначаць Ражджаство ў іншы дзень?

130105_kustouski_kaliady.mp3

“Кожны год лічыцца ад Ражджаства. Пры тым чамусьці сам год пачынаецца не ў ноч Ражджаства, а тыдзень пасля. І не важна, які каляндар: новы стыль ці стары. Таму прапанова, каб хаця б задумацца, ці не сумясціць усё ж такі святкаванне Хрысціянскага навалецця і хрысціянскага Ражджаства”, — тлумачыць Еўрарадыё сваю ідэю пратад’якан Андрэй Кураеў.

На дадзены момант каталікі, большасць пратэстантаў адзначаюць Ражджаство 25 снежня па грыгарыянскім календары. У той час як Беларуская праваслаўная царква, як і Руская, прытрымліваецца юліянскага календара і святкуе 7 студзеня.

Юліянскі каляндар лічыцца менш дакладным ў параўнанні з грыгарыянскім, таму частка праваслаўных цэркваў выкарыстоўвае падобны да грыгарыянскага новаюліянскі і святкуе Ражджаство 25 снежня. Напрыклад, Кіпрская, Балгарская, Румынская цэрквы альбо праваслаўныя цэрквы ЗША, Чэхіі і Славакіі.

Ці магчыма, што беларускія праваслаўныя будуць святкаваць Ражджаство ў іншы дзень, як прапануе пратад’якан з Расіі?

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі называе прапанову Андрэя Кураева арыгінальнай і нават місіянерскай. Бо 7 студзеня лічыць не самай удалай датай Ражджаства для беларускага грамадства.

Віталь Рымашэўскі: “У Беларусі існуе традыцыя не толькі святкаваць Ражджаство, але і вялікая традыцыя святкавання Новага года. Яна як раз замацавалася Савецкім саюзам як альтэрнатыва Раству. Калі праваслаўны пост, думаю, многія людзі, якія хаця б намінальна лічаць сябе праваслаўнымі, усё ж такі не прытрымліваюцца посту”.

А вось беларускі праваслаўны святар Аляксандр Шымбалёў пераконвае, што для сапраўды царкоўных людзей Новы год не перашкаджае пасціцца.

Аляксандр Шымбалёў: “Мы служым па тым календары, які ёсць. У нас няма праблем з гэтым. Бо хрысціянін, які, сапраўды, жыве ў царкоўнай традыцыі, не будзе парушаць пост на Новы год, яму гэта не трэба. Ён так адзначыць гэта свята, што будзе прыстойна, духоўна”.


Што праўда, пакуль больш праціўнікаў святкаваць праваслаўнае Ражджаство ў іншы дзень, чым прыхільнікаў. Так, праваслаўны эксперт Кірыл Фралоў ужо назваў заяву Кураева абсурднай ініцыятывай. У сваю чаргу сам пратад’якан на хуткія перамены і не спадзяецца.

Андрэй Кураеў: “Вядома, не падтрымаюць. Таму я не выказваю гэта ў выглядзе ліста да Патрыярха ці Пуціна. Гэта прапанова задумацца. А гэты стан задуменнасці можа цягнуцца стагоддзямі ў праваслаўнай царкве. Але нічога страшнага, пачакаем”.

Фота: belarus.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі