Дом пад Лагойскам аднавілі пасля выбуху: ні цяпла, ні вады (фота)
І нават газ на ўсякі выпадак не падводзілі — прычыны выбуху дагэтуль невядомыя.
“Два тыдні таму нас усіх запрасілі сюды прыехаць. Да дома. Быў прадстаўнік райвыканкама, будаўнікоў. І кажуць нам: “Вось вам ключы. Забірайце. Дом здадзены”. Мы пытаемся: “Пакажыце дакументы якія — што тут, дзе?” А нам: “Бярыце ключы”, — у роспачы расказвае мне новая-старая жыхарка сумна вядомага дома ў вёсцы Малінаўка пад Лагойскам, Тамара Буклеева.
Так дом выглядаў праз некалькі гадзін пасля выбуху.
Выбух у ваенным гарадку ля вёскі Малінаўка пад Лагойскам адбыўся ў лютым. Цалкам разбураны пад’езд вялікага трохпавярховага дома, адзін чалавек загінуў, яшчэ некалькі атрымалі цяжкія траўмы. Аднак ужо праз месяц улады вырашылі дом… аднавіць. І нават тэрміны назвалі — да 1 ліпеня. Аднавілі да 1 кастрычніка.
Так дом выглядаў падчас аднаўлення - у ліпені.
Гаспадыня адной з кватэр, якая паказвае мне вынікі аднаўлення, у роспачы нездарма: будынак толькі звонку выглядае новабудоўляй і цацкай. Унутры — дзіркі ў столі, тонкія драўляныя дзверы, цвіль на сценах і холад з сырасцю.
“Тут няма ні ацяплення, ні вады гарачай. Ніякіх умоваў для жыцця. У XXI стагоддзі гэта проста непрымальна. Жыць тут немагчыма”.
Ці магчыма тут жыць — не ведаю. Але за пятнаццаць хвілін, якія мы сядзім на кухні з гаспадыняй кватэры, размаўляючы пра “радасці” вяртання дадому, я паспяваю замерзнуць. Таму прашу мне паказаць скляпенні і кватэры з той часткі будынка, якая была знішчаная выбухам. У скляпеннях сустракаем яшчэ аднаго “перасяленца”. Мужчына сярод лужынаў прыладжвае дзверы — будаўнікі чамусьці вырашылі, што яны тут непатрэбныя. Над галавой пластыкавыя трубы без якога-небудзь ацяплення. Страшна падумаць, што з імі будзе ў маразы.
Пытаюся пра абяцаныя ўладамі кампенсацыі. Мне расказваюць пра 2 мільёны рублёў, якія выдалі адразу пасля выбуху. І ўсё. Больш атрымалі толькі жыхары знішчаных кватэр. Сяброўка маёй спадарожніцы, напрыклад. Усю яе маёмасць дзяржава ацаніла ў… 2200 долараў. Лаўлю сябе на думцы, што змесціва майго заплечніка з фотаапаратам, ноўтбукам і дыктафонам каштуе больш.
Вяртаемся ў кватэру да Тамары. Яна хоча мне паказаць сцяжкі паміж ацалелай часткай дома і новазбудаванай. Цяпер час ад часу дома ў Тамары будуць нечаканыя і шумныя госці — будаўнікі. Яны прыйдуць падкручваць сцяжкі, каб дом не разваліўся на часткі. Сцяжкі схаваныя карабамі, вісяць проста над канапай.
“А гэта ў нас злучэнні. Клямкамі злучылі сцены са столлю. Раптам абваліцца пасля выбуху. Клямкі схавалі за карабамі і сказалі, што калі дом прасядзе, то адчыняць і падкруцяць. Вось так мы тут сейсманебяспечна жывем”.
Пакуль Тамара ў кватэры толькі начуе. З катом. Цяжарную дачку адправіла да радні: у такіх умовах захварэць — раз плюнуць. Калі будзе гарачая вада і цяпло, і ці будзе ўвогуле — невядома. У райвыканкаме гавораць, што дом здадзены ў тэрмін і адпавядае ўсім нормам. Толькі абжыць трэба.
Як даведалася Еўрарадыё, нягледзячы на стаханаўскія тэмпы па здачы дома, следства пакуль так і не высветліла прычыны выбуху, што знішчыў будынак. У Следчым камітэце расказваюць аб прадаўжэнні тэрміна расследавання да 30 снежня. Жыхары перакананыя, што яго зацягваюць адмыслова — няма вінаватых, няма на каго падаваць у суд за знішчаную маёмасць і маральную шкоду.
Цяжка сказаць, ці маюць яны рацыю. Толькі вось газ да дома больш не праводзілі ўвогуле. Далей ад граху, напэўна.
Кораб са сцяжкай пад столлю.
Мантажную пену з дзвярэй счысціць будаўнікі "забыліся".
Пластыкавыя трубы ў падвале без ізаляцыі.
Цвіль на сценах прыбіральні толькі што пабудаванай кватэры.
Асвятленне і цвіль у калідоры.
Дзіркі ў столі ёсць амаль у кожнай кватэры.
Жыхары ратуюцца толькі электрычнымі ацяпляльнікамі.
Новыя дзьверы, запакаваныя ў цэлафан, нагадваюць аб Савецкім Саюзе.
Звонку дом пакуль выглядае значна лепш, чым знутры.