"Дынама" зможа ездзіць у ЕС, але ці дазволяць гуляць у еўракубку - нявядома
Ва УЕФА дагэтуль не разабраліся, як санкцыі, прынятыя Саветам Еўрасаюза, паўплываюць на футбольны клуб.
“Шчыра кажучы, гэта рашэнне Савета Еўропы. Лепш вам звярнуцца да іх. Дагэтуль мы не маем ніякай інфармацыі, як гэта паўплывае на спаборніцтвы УЕФА”, – распавядаюць Еўрарадыё ў прэс-службе Еўрапейскай федэрацыі футбола.
Звяртаемся ў прэс-службу вярхоўнага прадстаўніка па замежных справах і палітыцы бяспекі ЕС Кэтрын Эштан.
“Клуб быў дададзены ў спіс падчас яго апошняга пашырэння, –тлумачыць прэс-сакратар еўракамісара Мая Качыянчыч. – І так як клуб у гэтым спісе, яго актывы ў ЕС, калі такія ёсць, будуць замарожаныя. І яны не могуць займацца бізнесам. Яны не могуць заключаць кантракты з еўрапейскімі фірмамі”.
Ці паўплываюць санкцыі на магчымы ўдзел “Дынама” ў еўракубках, там не ведаюць. Мая Качыянчыч кажа толькі, што футбалісты ў “чорны спіс” не ўваходзяць.
Раней прэс-сакратар “Дынама” Алег Сабалеўскі распавядаў Еўрарадыё, што клуб папрасіў Беларускую федэрацыю футбола звярнуцца ва УЕФА па тлумачэнні. Прайшоў тыдзень…
Алег Сабалеўскі: “Пакуль няма ніякіх навінаў. Інфармацыя тая ж, што была і тыдзень таму”.
Тым часам у міжнародна-прававым дэпартаменце федэрацыі футбола таксама няма ніякіх навінаў адносна “Дынама”.
Міжнародна-прававы дэпартамент БФФ: “Пакуль ніякіх навінаў. Федэрацыя гэтым займаецца. Ідзе нейкі працэс кансультацый і перамоваў. Разумееце, пакуль няма тэмы для размовы. Раптам яны выйдуць у еўракубкі ці не выйдуць. Гэта яшчэ настолькі несур’ёзна”.
Застаецца невядомым, ці распаўсюджваюцца санкцыі на ўдзел каманды ў Лізе Еўропы. У якой “дынамаўцы” павінны гуляць, калі кубак краіны па футболе дастанецца “Гомелю”. А таксама незразумела, у чым мінскія футбалісты паедуць у Еўропу. Бо калі санкцыі пачнуць працаваць, мінскі клуб рызыкуе пазбавіцца нямецкай формы “Saller”, у якую футбалісты “Дынама” апранаюцца з 2008-га года. Або давядзецца перакупляць майкі і шорты ў пасярэднікаў.
Фота: dinamo-minsk.by