Эксперт ЕС пра стасункі з Беларуссю: Дыялог глухіх

“Малдова, Грузія і Арменія працягваюць дэмакратычныя рэформы і правялі выбары, якія прайшлі, у асноўным, адпаведна міжнародным стандартам. Украінскія парламенцкія выбары прадстаўляюць больш змешаную карціну з шэрагам недахопаў і пагаршэннем дасягнутых раней стандартаў”, - адзначаецца ў дакладзе.

А таксама гаворыцца пра абавязкі Азербайджана ў сферы дэмакратыі і выбарчых працэсаў. Ну і яшчэ пра тое, што “выбары ў Беларусі прайшлі на фоне  агульных рэпрэсій”.

На пытанне, як развіваліся стасункі паміж ЕС і Беларуссю ў мінулым годзе, даследчыца Фінскага інстытута замежных спраў Анаіс Марын скептычна адказвае “ніяк”. Бо не было ніякага дыялогу.

Анаіс Марын: “Калі ёсць прапанова з боку ЕС, гэта не можа ўспрымацца ўсур’ёз у Мінску. Гэта дыялог глухіх.  З іншага боку, заўважаем, што апошнія 3-4 месяцы ідуць кулуарныя перамовы паміж асобнымі прадстаўнікамі ЕС, асобнымі дзяржавамі з такімі ж асобнымі прадстаўнікамі афіцыйнага Мінска, з якімі мы “ціпа не размаўляем”.


А беларускі палітолаг Алесь Лагвінец кажа пра вялікі патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва. Што праўда, нерэалізаваны.

Алесь Лагвінец: “Калі мы кажам пра Беларусь у рэгіянальным кантэксце, бяром Беларусь і 6 краінаў Усходняга Партнёрства, то Беларусь практычна паўсюль у хвасце рэйтынгаў. Цалкам зразумела, чаму – бо ўлады свядома выбіраюць аўтарытарны і такі прарасійскі шлях развіцця сваёй краіны”.


Эксперт кажа, што Беларусь атрымала найменшую колькасць грошай на душу насельніцтва ад супрацы з ЕС, калі паглядзець на іншыя краіны Усходняга Партнёрства.

Тым часам Анаіс Марын дае сваю рэкамендацыю ЕС у плане паводзінаў з Беларуссю.

Анаіс Марын: “Трэба не быць цэнтральным гульцом у гэтых перамовах. Галоўнае, чаго не хапае для развіцця свабоды ў Беларусі, гэта каб улады кантактавалі з грамадзянскай супольнасцю. Яны смяротна і прынцыпова не хочуць размаўляць з апазіцыяй. Няхай. Але прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці маюць права на існаванне нават у аўтарытарных рэжымах, калі ў іх ёсць шырокі досвед па шэрагу пытанняў”.


Магчыма, нейкае пацяпленне паміж Беларуссю і Еўрасаюзам адбудзецца ў сувязі з самітам Усходняга Партнёрства ў Вільні ў лістападзе. Напрыклад, апошнім часам было шмат гаворак пра магчымае вызваленне палітвязняў.

Толькі зноў пытанне: ці ведае Еўрапейскі саюз што рабіць пры такім раскладзе? Задаецца пытаннем Анаіс Марын:


“Яны марнуюць  шмат часу, каб абмеркаваць, каго і на якім узроўні запрашаць на саміт з Беларусі. Але пра тое, каб прапанаваць нейкія новыя ідэі, якія могуць спрацаваць, яны на гэта часу не марнуюць. І калі раптам вызваляць палітвязняў, калі Лукашэнку гэта будзе выгадна зрабіць, наколькі ЕС будзе гатовы  развіваць адносіны і як?”

Фота: bpr.berkeley.edu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі