Еўрасаюз на год працягнуў санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў
Але адначасова замарозіў іх. Савет ЕС чакае ад Еўракамісіі прапаноў па спрашчэнні візавага рэжыму, а ад Беларусі – дэмакратычных выбараў і прагрэсу ў сферы прав
Замежныя міністры краін Еўрасаюза на пасяджэнні ў Люксембургу прынялі заключэнне па Беларусі.
"Савет
не можа зняць абмежавальныя захады ў дачыненні да чыноўнікаў і вырашае
падоўжыць іх дзеянне да 31 кастрычніка 2011 года. Аднак з тым, каб
натхніць прагрэс у вызначаных ЕС сферах, Савет вырашае ў той самы час
падоўжыць замарожванне візавых санкцый да той самай даты", гаворыцца ў заключэнні.
Разам
з тым гаворыцца, што Савет міністраў можа зняць абмежаванні ў любы час,
"у святле прагрэсу ў сферах дэмакратыі і правоў чалавека".
У
дакуменце адзначаецца, што Савет ЕС шкадуе пра адсутнасць прагрэсу ў
вызначаных сферах. Ад Беларусі чакаюць далейшае рэфармаванне выбарчага
заканадаўства, прагрэсу ў сферах свабоды выражэння і СМІ, свабоды сходаў
і асацыяцый. Савет міністраў заклікае беларускія ўлады правесці
прэзідэнцкія выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і
абвязкамі, узятымі ў рамках АБСЕ і ААН.
Калі ў Беларусі
палепшыцца сітуацыя ў сферах дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства
права, то Еўрасаюз будзе гатовы падняць дагаворныя адносіны на больш
высокі ўзровень, гаворыцца ў Заключэнні.
Што да кантактаў на ўзроўні людзей, то "Савет
ЕС чакае ад Еўрапейскай Камісіі прапановаў для абмеркавання дырэктываў
аб спрашчэнні візавага рэжыму і дамоваў аб рэадмісіі". Таксама працягнецца абмеркаванне супольнага прамежкавага плана, каб устанавіць прыярытэты для рэформ.
Заключэнне называе і выгоды, якія можа атрымаць Беларусь."Еўрасаюз
мог бы разгледзець прадстаўленне макра-эканамічнай дапамогі Беларусі,
калі будуць выкананыя неабходныя перадумовы, уключна з заключэннем новай
праграмы з МВФ", гаворыцца ў дакуменце.
Нагадаем,
абмежаванні ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў уключаюць не толькі
забарону на ўезд у краіны Еўрасаюза, але і замарозку іх банкаўскіх
укладаў у еўрапейскіх банках.