Еўрасаюз не плануе ўводзіць эканамічныя санкцыі?

У панядзелак 31 студзеня Савет міністраў Еўрасаюза прыме заключэнні па Беларусі. Усе 27 міністраў замежных спраў краін ЕС абмяркуюць у Брусэлі сітуацыю ў нашай краіне, а таксама Тунісе, Судане, Ліване і шэрагу іншых краін.

Вытрымка з інфармацыйнай запіскі прэс-службы Савета ЕС: "Савет ЕС абмяркуе сітуацыю ў Беларусі пасля гвалту і рэпрэсій, якія азмрочылі прэзідэнцкія выбары 19 снежня 2010 года. Ён прыме заключэнні, у якіх чакаецца заклік да неадкладнага вызвалення затрыманых па палітычных прычынах і заява аб далейшай падтрымцы грамадзянскай супольнасці і беларускага народа. Чакаецца, што Савет ЕС увядзе абмежаванні на ўезд і замарозку актываў грамадзян, адказных за фальсіфікацыю снежаньскіх выбараў і наступных рэпрэсій"

Да ўсяго гэтага 20 студзеня ў сваёй рэзалюцыі заклікалі і дэпутаты Еўрапарламента. Але не толькі. У рэзалюцыі ёсць і больш радыкальныя прапановы, пра якія прэс-служба Савета ЕС не паведамляе.

Вытрымка з тэкста апошняй рэзалюцыі Еўрапарламента па Беларусі
: "Перагледзець палітыку ЕС у адносінах да Беларусі, у тым ліку ўвесці эканамічныя санкцыі і замарозіць усю макрафінансавую дапамогу праз крэдыты МВФ, аперацыі Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця... Заклікае Савет разгледзець магчымасць прыпынення ўдзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве і саміце Ўсходняга партнёрства ў Будапешце, калі да гэтага часу не адбудзецца належнага тлумачэння і і значнага паляпшэння сітуацыі ў Беларусі"

Адсутнасць гэтых пунктаў у інфармацыйнай запісцы прэс-службы Савета ЕС сведчыць, што яны наўрад ці з'явяцца і ў заключэннях 31 студзеня, хаця цалкам гэта нявыключана.

Палітолаг Алесь Лагвінец: "Думаю, што рашэнне моцна не памяняецца. Зважаючы на характар інстытуцыі, калі на сайце выкладаюцца нейкія папярэднія рэчы, то хутчэй за ўсё ў выніковым дакуменце яны будуць вельмі падобныя"

Эксперт кажа, што рашэнне мусіць быць вельмі прадуманае. Напрыклад, калі казаць пра замарозку ўдзелу ва Усходнім партнёрстве, то трэба памятаць, што сярод яго кампанентаў – Форум грамадзянскай супольнасці. І замарозіць удзел у ім значыла б адмоўна паўплываць на развіццё няўрадавых арганізацый у краіне.

Алесь Лагвінец: "Падыход мусіць быць вельмі разважлівы, вельмі разумны. Ён мусіць улічваць беларускія рэаліі. Нельга проста паставіць агароджу перад усёй краінай"

Як заключэнні Савета Міністраў ЕС паўплываюць на сітуацыю ў Беларусі ці прынамсі палітыку беларускіх уладаў? Эфект абавязкова будзе, бо ў адрозненне ад рэкамендацыйных рэзалюцый Еўрапарламента краіны ЕС мусяць выконваць заключэнні Савета Міністраў.

Алесь Лагвінец: "Значыць, ужо будуць змены ў палітыках нацыянальных краін ЕС. У сваіх адносінах з Беларуссю, з беларускімі ўладамі яны мусяць улічваць гэтае рашэнне".

Нагадаем, забарона на ўезд у краіны ЕС для Лукашэнкі і яшчэ 35 чыноўнікаў ужо два гады як замарожаная. Чакаецца, што цяпер забарону вернуць, прычым спіс пашырыцца да 158 чалавек. Таксама замарозяць усе іх  фінансавыя актывы і маёмасць, якую знойдуць у краінах ЕС і іншых краінах, якія далучацца да рашэння Еўрасаюза. Чакаецца, што 31 студзеня увесь "чорны спіс" стане даступны грамадскасці.

Дарэчы, на брыфінгу 27 студзеня прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных на пытанне беларускіх журналістаў пра магчымыя крокі ў адказ на забарону ўезду для беларускіх чыноўнікаў не адказаў.

Андрэй Савіных: "Я разумею вашае жаданне падрыхтаваць нейкі артыкул на гэтую тэму, але МЗС агучвае пазіцыю... Калі Еўрасаюз прыме пэўнае канкрэтнае рашэнне, то мы яго самым пільным чынам прааналізуем, і будзе рэакцыя беларускага боку"

Слухай наўпроставыя ўключэнні карэспандэнтаў Еўрарадыё з Брусэля 31 студзеня ў нашым жывым эфіры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі