Фядута: Я былы школьны настаўнік і падлеткаў не б'ю
Пра інцыдэнт на пасяджэнні "Кааліцыі шасці" распавядаюць Аляксандр Фядута і Віталь Рымашэўскі, яго каментуе Адам Глобус.
Нагадаем, 31 студзеня “кааліцыя шасці” збіралася падпісаць пагадненне аб дзеяннях на парламенцкіх выбарах. У выніку ўсё скончылася спрэчкай. Лідар аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі пагадненне не падпісаў. Гэта ён патлумачыў тым, што толькі нядаўна пабачыў дакумент, а раней да подпісу рыхтавалася іншае пагадненне.
Пасля гэтага літаратар і грамадскі дзеяч Аляксандр Фядута і ўдарыў Віталя Рымашэўскага. Ён кажа, што з'яўляецца "адзіным у краіне, хто даў паджопнік зарэгістраванаму кандыдату ў прэзідэнты".
Еўрарадыё: Маё пытанне будзе датычыць вашага канфлікту з Рымашэўскім. Ці ў маладосці вы біліся?
120131-Fiaduta_rez s.mp3
Фядута: Я каментую палітычныя канфлікты, а не асабістыя. Маё прозвішча не Валуеў і не Клічко. Які ж з мяне баец!..
Еўрарадыё: Чаму ж тады вы так адрэагавалі на Рымашэўскага?
Фядута: На хамства трэба рэагаваць адэкватна. Гэта — адзінае, што я магу адказаць.
Еўрарадыё: А якая адэкватная рэакцыя магла быць тады з яго боку?
Фядута: Прабачце, на што? На яго ўласнае хамства?
Еўрарадыё: На тое, што вы яго ўдарылі.
Фядута: Я не ўдарыў. Я наогул падлеткаў не б’ю. Я — былы школьны настаўнік. А на хамства… Я даў, як называецца, паджопнік. Ну ды што?!. І толькі я адзіны ў краіне, хто даў паджопнік зарэгістраванаму кандыдату ў прэзідэнты. Думаю, што чарга выстройваецца.
Еўрарадыё: Да вас?
Фядута: Не, да яго.
Еўрарадыё: А хто, вы думаеце, будзе ў гэтай чарзе?
Фядута: Не ведаю. Спытайцеся. Думаю, што шмат народу.
Еўрарадыё: А раней вам даводзілася такія метады прымяняць?
Фядута: У адносінах да падлеткаў — не.
Еўрарадыё: А да каго?
Фядута: Прабачце! Я ўсё ж такі паўтаруся. Я — школьны настаўнік. І не лічу, што гэта з’яўляецца дастатковым выхаваўчым сродкам. Што ж я вам магу яшчэ сказаць?.. Мне шкада, што я змушаны размаўляць не на палітычныя, а на такія тэмы.
Еўрарадыё: Сёння на канферэнцыі ў вас быў шанец на палітычныя паразмаўляць…
Фядута: Так, я згодны. Я вельмі расчараваны тым, што адбылося. Упершыню была мажлівасць канкрэтна напісаць галоўнае: дэмакратычных кандыдатаў у спісах на галасаванне, пакуль не будуць вызваленыя палітычныя зняволеныя, не павінна быць. Думаю, большасць палітычных суб’ектаў дэмакратычнага сектару грамадства разумее неабходнасць такога адзінства. Але на жаль, асобныя з нашых калегаў з апазіцыі адмовіліся падпісаць гэты дакумент. На мой погляд, гэта глупства. І час давядзе, хто мае рацыю.
***
Віталь Рымашэўскі не збіраецца рэагаваць на ўдар Аляксандра Фядуты. Пра гэта лідар аргкамітэта БХД расказаў Еўрарадыё.
Паводле яго слоў, ён і "не заўважыў удара".
120131 Rymasheuski_0.mp3
Віталь Рымашэўскі: “Спадару Фядуце па яго фізічным і маральным стане можна прылічыць да жанчыны. Я ж не магу Фядуце, ці жанчыне адказваць на нейкія рухі ў мой бок...”.
***
Адам Глобус: Я зняў бы акуляры з твару Фядуты!
Пісьменнік, выдавец і мастак пракаментаваў Еўрарадыё інцыдэнт на "шасцёрцы".
Еўрарадыё: Адзін з лідэраў кампаніі "Гавары праўду", вядомы пушкініст Аляксандр Фядута, сёння ўдарыў аднаго з экс-кандыдатаў у прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, назваўшы яго "падлеткам". Як вы лічыце, што здарылася?
120131-Globus_0.mp3
Адам Глобус: Справа ў тым, што ёсць пэўнае напружанне. Канешне, Фядута ўсё жыццё ілгаў, я ніколі не чуў ад яго слова праўды, ён усіх падманваў, "разводзіў". Ён зразумеў, што яму ніхто не верыць, і кідаецца біцца на людзей, прытым паважаных людзей. Я асабіста падтрымліваў на выбарах Рымашэўскага. Мне вельмі непрыемна гэта было пачуць. Я здзіўлены. Калі б ён палез да мяне, я б яму акуляры зняў з твару.
Еўрарадыё: А калі глыбей паглядзець, як вы ацэньваеце тое, што адбылося?
Адам Глобус: Гэта адчайны жэст. Калі чалавек займаецца словам, як ён сябе дэклараваў раней, значыць не атрымліваецца ў яго пісаць кніжкі, раз ён кідаецца біцца, прытым на чалавека маладзейшага і больш перспектыўнага на тым полі, дзе ён спрабуе гуляць.
Еўрарадыё: Ці можна перанесці гэты інцыдэнт на мастацтва? Якія асацыяцыі з мастацкімі творамі ў вас узнікаюць?
Адам Глобус: Я заўсёды любіў тых пісьменнікаў і мастакоў, якія хадзілі з рэвальверамі. Мне заўсёды падабаліся, напрыклад, анархісты, Казімір Малевіч. Я любіў Сікейраса, які замахваўся на Троцкага... Таму я заўсёды падтрымліваю экстрэмальныя варыянты.
Еўрарадыё: Атрымліваецца Віталю Рымашэўскаму трэба хадзіць з рэвальверам, хаця б з цацачным?
Адам Глобус: Трэба займацца спортам. І калі сутыкаешся з такім, трэба даць назад. Я лічу, што калі гэта не проста піяр, а сапраўды такое было, то трэба або ў суд падаць, або, калі не верыш у суды, то проста злавіць у пад’ездзе і разабрацца.
Фота — Еўрарадыё, nn.by, arche.by