Ганна Шапуцька: Галоўнае — каб нешта стала вядома пра Дашкевіча

У Дрыбіне і Горках судзяць затрыманых 2 жніўня ў Горках удзельнікаў пікета ў падтрымку Змітра Дашкевіча.

110803 Buhel - site_0.mp3

Гаворыць правабаронца Барыс Бухель:  “У Горкі прыехаў Лукашэнка. Калі мы ехалі з Магілёва – на кожным скрыжаванні і на дарозе вельмі шмат міліцыянтаў было і асобаў у цывільным. І горад вылізалі ўвесь. У Дрыбін прывезлі 10 чалавек. Гэта Скрабец Яўген з Брэста, Сінчыла, Панчын, Дземідзенка Мікалай, Барысаў Вячаслаў, Васільеў з Жодзіна, Палажанка Наста, Шкаруба Ганна, Шапуцька Тацяна і Міхайлава Юля. У Горках засталіся Сямёнаў Максім,  Шурхай Зміцер, Шыла Іван і Вялітчанка Аляксандр. Мы тут чакаем, і журналісты, тут бацькі і муж Тацяны Шапуцькі. І яшчэ праблема: у Дрыбіне цяпер адзін суддзя. Адзін у адпачынку і адзін працуе. І старшыня суда. Як яны будуць разбіраць дзесяць чалавек? Маёр сказаў, шта будуць вазіць па адным. Але ж гэта не алкашы нейкія, што тры хвіліны можа суд цягнуцца. Працэс можа зацягнуцца. Я яго прасіў, каб ён паразмаўляў з суддзём, каб справы аб’ядналі, каб усіх разглядаў адзін суддзя. Ён сказаў, што перадасць, а якое будзе рашэнне — паглядзім”.

Еўрарадыё: Наконт Тацяны Шапуцькі. Яна ж журналістка. Прадстаўнікі БАЖу звярталіся ў міністэрства ўнутраных спраў з гэтай нагоды, прасілі спрыяць яе вызваленню. Ці ёсць нейкая інфармацыя?

Бухель: “Тут акурат бацькі Тацяны. Я магу перадаць слухаўку яе маці”.

Ганна Шапуцька: “На жаль, не ведаю, напэўна, ні да чаго гэта не прывяло, таму што калі я падыходзіла ўчора да міліцыянтаў, казала ім, што затрыманы журналіст. Яны адказвалі, што калі журналіст — выпусцяць. Але я так разумею, яшчэ нешта акрамя гэтага на іх уздзейнічала, можа тое, што яна з Маладога фронту, і гэта напэўна перацягнула вагі. Яна там стаяла побач з расцяжкай, і, магчыма, трымала гэтую расцяжку. Таму журналіст ці не журналіст – можа ўжо не такую ролю адыгрывае для іх”.

Еўрарадыё: Ці была ў вас магчымасць сустрэцца з дачкой, перадаць ёй што-небудзь, вы звярталіся да міліцыянтаў?

Ганна Шапуцька: “Так, звярталіся. Але ў Горках яны наогул нічога не ўзялі, сказалі, што нельга. А тут, у Дрыбіне, ў нас узялі толькі прадметы асабістай гігіены і маленькія цукерачкі. І адзенне".

Еўрарадыё: Ці ёсць магчымасць патрапіць на суд?

Ганна Шапуцька: “Зараз мы ў Дрыбіне, а Дрыбін такое мястэчка невялікае, ціхі спакойны райцэнтр, і тут нейкія больш-менш спакойныя міліцыянты, яны нас пакуль не ганяюць. Нічога не кажуць, на нашы пытанні адказваюць. А пра суд кажуць — пасля 14-й. Мы так зразумелі, што калі з’едзе Лукашэнка, калі ён зараз у Горках. Там сёння з раніцы яго чакалі, марафецілі,фарбавалі і міліцыі было зашмат, БТ, ОНТ, усё тэлебачанне”.

Еўрарадыё: Які настрой у міліцыянтаў, якія ў вас спадзевы на прысуд?

Ганна Шапуцька: “Я лічу што тут ад настрою міліцыянтаў нічога не залежыць, таму што яны самі ў нас пыталіся, колькі могуць даць па гэтым артыкуле — аб масавых мерапрыемствах. Ім самім не хацелася, каб асабліва дзяўчаты тут знаходзіліся. Але ж мы разумеем, што гэта не яны вырашаюць, і не гэтыя суды ў Дрыбіне ці ў Горках, гэта вырашаюць у іншых кабінетах. І што скажуць ім — тое і дадуць. Якія б тут міліцыянты добрыя ні былі, яны будуць выконваць тое, што ім зверху спусцяць”.

Еўрарадыё: А калі не дай бог прысудзяць суткі, няўжо ў гэтым Дрыбіне і давядзецца адбываць пакаранне?

Ганна Шапуцька: “Хутчэй за ўсё так. І я так зразумела, што гэта яшчэ не найгоршае месца, таму што як нам сказалі, тут ёсць ложкі. Не проста насцілы, а ложкі з матрасамі і коўдрамі. Толькі што далёка ад Мінска. Канешне, не хацелася б, але, калі давядзецца, дык што робіш. Галоўнае — мэты дасягнуць, каб нешта пра Дашкевіча стала вядома. Дзеля гэтага хлопцы і дзяўчаты ахвяравалі сабой”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі