Германія і Францыя святкуюць 50-годдзе падпісання Елісейскага дагавору

22 студзеня 1963 года дакумент падпісалі прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь і канцлер Германіі Конрад Адэнаўэр.

Дагавор ператварыў краіны, якія праз дзве сусветныя вайны і шматлікія іншыя канфлікты былі заклятымі ворагамі, у важнейшых партнёраў. На цяперашні момант Германія і Францыя лічацца “маторам” еўрапейскай інтэграцыі.

Сам гістарычны дакумент не перавышае 6 старонак. Але пераацаніць яго значэнне вельмі складана.

“У мяне ўражанне, што і СМІ, і афіцыйныя палітыкі ў Францыі заўжды рабілі і будуць рабіць, мне падаецца, каб мы верылі, што гэты саюз з Германіяй непахісны. Вельмі важна, што нават калі ёсць нейкія праблемы, яны будуць рабіць нейкі макіяж, стасункі, а сяброўства як такое, жалезнае”, ― распавядае Еўрарадыё даследчыца Фінскага інстытута міжнародных адносінаў, францужанка паводле нацыянальнасці, Анаіс Марын.

Кіраўнік МЗС Германіі Гіда Вестэрвэле называе Елісейскі дагавор знакавай падзеяй еўрапейскай гісторыі. І лічыць, што яго не трэба разглядаць як нешта належнае, а трэба падтрымліваць штодзённымі высілкамі. І заклікае ў адносіны паміж Францыяй і Германіяй мацней уключаць Польшчу.

Самі ж нямецка-французскія адносіны могуць быць прыкладам добрасуседства для іншых краін, мяркуе Анаіс Марын.

Анаіс Марын: “Калі глядзець, як да немцаў ставяцца палякі, мне падаецца, ім трэба было б вывучаць прыклад стаўлення Францыі да Германіі. Бо варожасць прывядзе толькі да вайны. Трэба дараваць адно аднаму”.

Навуковы дырэктар германа-расійскага форуму Аляксандр Рар называе называе Елісейскі дагавор ключавым дагаворам другой паловы XX стагоддзя. А ад краінаў, якія яго падпісалі, сёння залежыць лёс Еўропы, кажа эксперт.

Аляксандр Рар: “Францыя і Германія галоўныя донары Еўрапейскага саюза. Калі іх эканоміка не паправіцца, калі яны не змогуць стварыць агульную стратэгію для выйсця з крызісу, то Еўропа не выйдзе з крызісу. Тады Еўрасаюз проста разваліцца. Ад эканамічных і палітычных дзеянняў Берліна і Парыжа залежыць будучыня Еўропы”.

Варта адзначыць, што справу Адэнаўэра і дэ Голя працягнулі палітыкі новай генерацыі. Так, у 1988 годзе французскі прэзідэнт Франсуа Мітэран і канцлер Германіі Гельмут Коль дамовіліся аб стварэнні дадатковых міжурадавых каардынацыйных саветаў. А ў 2001 годзе прэзідэнт Жак Шырак і канцлер Герхард Шродэр увялі рэгулярнае правядзенне нефармальных урадавых кансультацый.

Падчас падпісання Елісейскага дагавору быў створаны нямецка-французскі моладзевы форум. Ад пачатку яго існавання каля 8 мільёнаў немцаў і французаў скарысталіся праграмамі моладзевых абменаў, якіх больш за 300 тысяч.

21 студзеня на святкаванне падпісання Елісейскага дагавору ў Берлін прыбыў прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд. А 22 студзеня тут праходзіць сумеснае паседжанне парламентаў дзвюх краінаў.

Як перадаюць сайты амбасадаў Францыі і Германіі ў Мінску, з нагоды падпісання дагавору на працягу года ў Беларусі будуць праходзіць сумесныя мерапрыемствы ў галіне культуры.

Фота: dw.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі