Груздзіловіч: Сярод затрыманых у аўтобусе сядзелі замаскаваныя міліцыянты

Еўрарадыё: Вы неаднаразова асвятлялі акцыі маўклівага пратэсту ў Мінску. На вашую думку, паводзіны людзей у цывільным сталі больш адэкватнымі ці не?

Груздзіловіч: “Я ўжо падзяліў міліцыянтаў — на міліцыянтаў у форме і тых супрацоўнікаў без формы, якія дзейнічаюць на ўсіх гэтых акцыях і працягвалі дзейнічаць учора. Гэтыя міліцыянты ў цывільным як дзейнічалі цалкам беззаконна, так і працягваюць. Такім чынам, нічога не змянілася...

У выніку, мяне потым у метро ўзялі, затрымалі, не зважаючы ні на пасведчанне, ні на тое, што я казаў, што я журналіст. У аўтобусе я даведаўся, што каля 10 хлапцоў былі затрыманыя абсалютна безпадстаўна. Я пытаўся ў іх, за што іх затрымалі? Адзін казаў, што чакаў дзяўчыну, другі — чакаў сябра. На іх проста нападалі. Людзі нават не пляскалі ў ладкі, як гэта было раней, нічога не выкрыквалі, проста стаялі, ішлі з заплечнікам на спіне — і гэта, аказваецца, падстава для брутальнага затрымання.

Не прадстаўляючыся, не паказваючы дакументаў, не тлумачачы, за што затрымліваюць — і потым афармляюць пратаколы, што, нібыта, ішоў, размахваў рукамі, а ў пратаколах не той час, не тое месца... Я быў сведкам, як афармлялі гэтыя пратаколы. Людзі не пагаджаліся, бо іх у іншым месцы затрымалі. Відаць, такая карціна ва ўсіх судах, ва ўсялякім выпадку ў Савецкім... ”.

Еўрарадыё: А як вам тлумачаць вашае затрыманне?

Груздзіловіч:Нічога не тлумачаць. А пасля кажуць, што [затрымалі] для высвятлення асобы. Бяруць маё пасведчанне, ідуць з ім разбіраюцца, кудысьці тэлефануюць і доўга высвятляюць. Другі варыянт, у Першамайскім РУУС так было. Я папрасіў міліцыянта і пазваніў Аляксандру Ластоўскаму, прэсаваму сакратару мінскай міліцыі, перадаў слухаўку міліцыянту — мяне адпусцілі. Учора я прапаноўваў такі хуткі варыянт, але яны адмовіліся. Прычым высвятлялі па пэўнай працэдуры — давялося прайсці і адбіткі пальцаў і фатаграфаванне з таблічкай. Усё такое даволі зневажаючая”.

Еўрарадыё: Вы ўчора сталі сведкам, як затрымалі міліцыянтаў, ці гэта так?

Груздзіловіч: “Не. Я быў сведкам таго, што сярод затрыманых людзей у аўтобусе аказаліся два міліцыянты. Людзі, якія сядзелі ў аўтобусе, думалі, што гэта таксама затрыманыя. У іх пыталіся: “А вас за што затрымалі?”. Тыя жартавалі: “А! Піва выйшлі папіць — і затрымалі”. Яны проста хлусілі тым людзям. А потым у міліцыі ўжо высветлілася, што гэта былі такія ж самыя міліцыянты. Іх садзяць для таго, каб калі людзі паспрабуюць збегчы, каб яны гэта спынілі, я так думаю. Яны выконвалі сваё заданне”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі