Гундар: "Афіцэр міліцыі мне сказаў: жывем не па законах, а па паняццях"
Еўрарадыё пагутарыла з Уладзімірам Гундарам, якога міліцыянты жорстка затрымалі ў Баранавічах, нягледзячы на пратэзаваную нагу.
Спадар Уладзімір — грамадскі актывіст, падчас "Маўклівай" акцыі 15 чэрвеня быў затрыманы міліцыяй "для высвятлення асобы". Хаця і паказваў пашпарт. Ён распавёў Еўрарадыё пра свае прыгоды падчас затрымання, называючы факты і прозвішчы "ахоўнікаў парадку".
Размова з Уладзімірам Гундарам, актывістам з Баранавіч by Euroradio
Еўрарадыё: Распавядзіце як вас затрымлівалі і якія наступствы?
Гундар: “Я прыйшоў туды не каб удзельнічаць, а як журналіст, каб назіраць і рабіць матэрыял. Я прыйшоў а 19-й гадзіне, людзей было няшмат, але ўжо стаялі адзін супрацоўнік ідэалагічнага аддзела, кэдэбісты усё атачылі і праходзіў патруль міліцыянтаў. Я сеў на лавачку, назіраў. Пасля ўбачыў знаёмых хлапцоў, падышоў да іх, давай размаўляць. У гэты час да адной групкі з 4-5 чалавек падышоў патруль міліцыянтаў і давай правяраць у іх дакументы. Двух з гэтай групы павялі ў машыну. Мы стаялі збоку, назіралі, фатаграфавалі, здымалі на відэа. Пасля гэты нарад міліцыі падышоў да палаткі з півам, кадэбісты там сядзелі, папівалі квас. Міліцыянты да іх падышлі, відаць атрымалі загад, і адразу падышлі да нас, папрасілі паказаць дакументы. Я разгарнуў пашпарт на старонцы з фатаздымкам, на што малодшы сяржант Красоўскі сказаў: “Дайце мне ў рукі”. Я сказаў, што неабавязаны даваць пашпарт, вы прачыталі, паглядзелі. Ён захацеў затрымаць мяне для выствятлення асобы спачатку, але я сказаў, што я ж паказаў пашпарт, магу паказаць пасведчанне, што я інвалід другой групы. “Тады мы вас затрымліваем каб зняць адбіткі пальцаў” - кажуць. Маўляў, я падазроная асоба. Я сказаў, што нікуды не пайду. Яны выклікалі падмогу, падышло яшчэ двое чалавек. Старэйшы прапаршчык схапіў мяне... На відыё відаць, як мяне валаклі. Потым павалілі. Жанчыны спрабавалі за мяне заступацца, але гэта не дапамагло. Адна жанчына была з сынам. Сын гадоў 10-11 вельмі перапалохаўся. Пасля прывезлі ў пастарунак, там трымалі амаль тры гадзіны. Спачатку, гэтых двух хлопцаў вадзілі ў кабінет. У кабінеце сядзеў падпалкоўнік Эдуард Суднік, двое ў штацкім, і яшчэ адзін у штацкім, які мне падаў падрыхтаваную паперку, у якой заставаляся толькі шапку напісаць –імя, прозвішча і адрас і падпісацца, што я абавязуюся не ўдзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях. Я адмовіўся.Так як у мяне пачаліся прыступы страўніка, выклікалі хуткую, хуткая прыехала і тады – “вы ўжо вольныя”.
Я папрасіў пратакол затрымання, на якой падставе мяне затрымалі. Мне сказалі: можаце тут сядзець суткі ці больш, але “мы тут нічога не напішам”. Я запытаўся ў падпалкоўніка: “Мы ў Беларусі жывем па Канстытуцыі ці па паняццях?”. Ён мне сказаў: “Мы жывём па паняццях”. Адкрытым тэкстам. Я быў схільны дамагацца выдачы пратаколу. Але я зразумеў, што яны нічога не будуць пісаць і выйшаў да хуткай дапамогі, ідзе мне зрабілі укол”.
Еўрарадыё: Як вы сябе адчуваеце?
Гундар: “Дзякуй богу, добра”.
Еўрарадыё: Калі вас затрымлівалі яны ведалі, што ў вас адна нага пратэзаваная?
Гундар: “Гэта было відаць. Калі мяне валаклі, гэта не здаровая нага, гэта бачна”.
Еўрарадыё: Яны не выбачыліся?
Гундар: “Не, вы што! Там, у кабінеце, сядзелі перапранутыя хлопцы, гэбісты хутчэй за ўсе, дык вось адзін на мяне такімі вачыма глядзеў, што, каб не жонка, якая даведалася пра затрымання і прыйшла, то ён, магчыма, мяне і біў бы. У яго быў такі настрой”.