Гурт "Akute" прызнаўся, што "Не існуе"
Магілёўскія рокеры "Akute" скончылі працу над новым, другім па ліку, альбомам.
“Па-першае, гэта своечасовы альбом, — ён адлюстроўвае тое, што зараз адбываецца з гуртом. Мы не “застойваем” матэрыял, а адразу яго выдаем”, — распавядае пра новую пласцінку бас-гітарыст "Akute" Раман Жыгараў.
Новы альбом называецца “Не існуе”. Выбар назвы гурт тлумачыць агульнай канцэпцыяй пласцінкі, а таксама глыбокім філасофскім падтэкстам.
“Тут мы можам бачыць такі трохкутнік — нараджэнне, жыццё і смерць. І калі задумацца, нічога гэтага насамрэч не існуе”, — кажа Раман Жыгараў.
У пласцінку ўвайшло 10 кампазіцый, якія "Akute" акрэсліваюць як “dead space” — “мёртвы космас” — і папярэджваюць: “Не існуе” — больш змрочны ў параўнанні з дэбютным касмічным альбомам гурта. "Akute" спрабуюць эксперыментаваць з гучаннем — увесь матэрыял музыкі аддалі на міксаванне гукарэжысёру Яўгену Сухавею без аніякіх уласных пажаданняў. У нейкім сэнсе, кажуць музыканты, новая пласцінка — цалкам саўндпрадзюсарская праца рэжысёра каманды.
Прэзентацыі альбома “Не існуе” адбудуцца 8 красавіка ў магілёўскім клубе “Куба” і 21-га — у сталічным Re:Public. Адмысловымі гасцямі ў Магілёве стануць гурты “Петля Пристрастия” і "John Doe". На мінскай прэзентацыі "Akute" падтрымае гурт "Hum Flying Bulletproof Noodle", вядомыя па рэміксах на “акутаўскія” кампазіцыі “Кроў бы вада” і “Шчасце”. Што тычыцца выхаду альбому, “Не існуе” з’явіцца на фізічных носьбітах, а таксама неўзабаве будзе выкладзены ў Сеціва.