Інстытут гісторыі: Расонскаму ідалу патрэбная "акліматызацыя"

“Наша Ніва” змясціла здымкі загорнутага ў поліэтылен драўлянага ідала, што ляжыць у вестыбюлі Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Журналіст Еўрарадыё паехала ў Інстытут, каб праверыць... І сапраўды, нават сёння зайсці ў хол і пабачыць унікальную археалагічную знаходку можа кожны.

У вестыбюлі побач з ідалам стаіць супрацоўніца інстытута. Як выявілася пазней — гэта Вольга Ляўко, загадчыца цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Драўлянага ідала прывезлі сюды па яе ініцыятыве. Але сфатаграфаваць знаходку нам катэгарычна забараняюць!

Вольга Ляўко: Пакуль мы яго не прывядзем у належны стан, я больш нікому не дам фатаграфаваць. Хопіць. Ужо і так у інтэрнэце фотаздымкі ўсіх, каму не ўздумаецца…


Еўрарадыё: Дык чаго ж вы яго тут пакінулі?

Вольга Ляўко: “Таму што ён важыць 150 кілаграмаў! Гэта па-першае. Па-другое, ён мокры. Яму трэба трошку падсохнуць. Ён трапіў у іншае асяроддзе. Вось ён трошку падсохне, і мы яго перанясем туды, дзе ён будзе стаяць. У музей. Музей у нас на 5-м паверсе. Вось і ўявіце, такую махіну цягнуць на пяты паверх...”

Па словах доктара гістарычных навук, прафесара Вольгі Ляўко, ідал спачатку “павінен акліматызавацца”:

“Яго толькі ў пятніцу ў 11 гадзін вечара прывезлі і пакінулі каля вартаўніка у памяшканні нашага інстытута… І вось з панядзелка нас атакуюць журналісты і не даюць нам працаваць. А нам спачатку трэба было высветліць, хто, калі і як ім зоймецца. ”

Вольга Ляўко распавядае Еўрарадыё пра тое, што будзе далей адбывацца з ідалам. Пасля 20-х чыслаў жніўня кавалкам дрэва зоймуцца спецыялісты па кансервацыі.

Вольга Ляўко: “Мы цяпер звязваемся са спецыялістамі з Тэхналагічнага ўніверсітэта, якія займаюцца кансерваваннем дрэва. Яны распрацоўвалі спецыяльную праграму кансервавання для нашага музея “Бярэсце”. Там адкрылі вуліцу 13-га стагоддзя (драўляныя дамы, драўляная вымастка вуліцы). І вось гэты стан яны падтрымліваюць ужо амаль 30 гадоў”.

Тэхналагічны ўніверсітэт — адзіная арганізацыя ў краіне, якая займаецца гэтымі пытаннямі. Цяпер спецыялісты ў адпачынку, таму давядзецца чакаць да 20 жніўня, калі яны выйдуць на працу, тлумачыць Вольга Ляўко:

“Але у нас есць шанс пры неабходнасці скарыстацца дапамогай замежных спецыялістаў па кансервацыі  драўляных вырабаў, якія таксама не супраць гэта зрабіць”.

Паралельна навукоўцы вызначаць узрост самога дуба.

Вольга Ляўко: “З гэтым будзе працаваць дэндрахранолаг з Інстытута эксперыментальнай батанікі, Максім Ярмохін. Ён ужо тэлефанаваў, зацікавіўся гэтай знаходкай... Акрамя таго робяцца захады, каб хутчэй вызначыць узрост дуба радыёвуглеродным метадам у адпаведным інстытуце НАН Беларусі”.


І трэцяе, што зробяць археолагі — даследуюць тэрыторыю, прылягаючую да месца, дзе знайшлі ідал.

Вольга Ляўко: “Мы будзем даследаваць прылягаючую тэрыторыю, для таго, каб выявіць, ці няма там якіх-небудзь слядоў старажытнага капішча, дзе б мог стаяць гэты ідал. Калі нам пашчасціць, і мы знойдзем гэтае капішча, правядзем там раскопкі, зможам больш дэтальна выявіць узрост капішча. І адпаведна — узрост ідала. І нарэшце, мы будзем даследаваць гэтую антрапаморфную выяву на прадмет яе падабенства з іншымі падобнымі знаходкамі на тэрыторыі Еўропы”.

Драўляная скульптура — гэта велічэзная рэдкасць! Але пакуль не прайшлі даследаванні, пра ўзрост казаць рана… Гэта можа быць і IX стагоддзе, і нават першае стагоддзе да нашай эры (!), кажа доктар гістарычных навук, прафесар Вольга Ляўко:

Рэдкі выпадак, калі дрэва трапляе ў такія ўмовы, як гэтае, што яно ляжыць у вадзе. А дуб у вадзе толькі больш умацоўваецца, цвярдзее... Што тычыцца ўзросту, у нас да канца Х стагоддзя было язычніцтва. Адпаведна, любы ідал адносіцца да эпохі язычніцтва. Але язычніцтва мае вельмі старажытныя карані. І калі мы ўсталюем сувязь ідала з канкрэтным месцам, дзе ён, па ўсёй верагоднасці, стаяў, то храналагічная зона звузіцца. Мы будзем ведаць больш канкрэтна — IX гэта стагоддзе, або першае стагоддзе да нашай эры…”

Наша суразмоўца запэўніла нас, што дрэннага нічога з ідалам не здарыцца. Хутка ён адправіцца ў музей, дзе для яго падрыхтавалі месца.

Вольга Ляўко: “У нас у музеі пасярод адной з зал ёсць пляцоўка, дзе мы паставілі драўляны муляж язычніцкага ідала. І цяпер замест таго муляжа мы паставім гэтую знаходку. Вы ужо паверце, што я магчыма больш, чым хто іншы зацікаўленая, каб з ім была праведзеная тая даследчая праца і таго ўзроўня, якога ён заслугоўвае”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі