Інтэрнэт-тролем аказаўся супрацоўнік газеты гарвыканкама

130117_samaabaronas.mp3

У Брэсце на судовае слуханне супраць інтэрнэт-троля, які абразіў незалежную журналістку, не пусцілі прэсу. У кабінет да суддзі запрасілі толькі саму журналістку і яе крыўдзіцеля. Нагадаю, што фотажурналістка Мілана Харытонава падала ў суд на супрацоўніка газеты гарвыканкама “Брэсцкі веснік” Уладзіміра Міневіча. Міліцыя выявіла, што менавіта Міневіч пакінуў абразлівыя каментары пад фотарэпартажам Міланы Харытонавай у інтэрнэт-выданні "Віртуальны Брэст". У каментарах пад матэрыялам Міланы, які быў прысвечаны акцыі дэмакратычных актывістаў “Хопіць друкаваць фанцікі”, супрацоўнік дзяржаўнай газеты пад нікам “госць” абразіў карэспандэнтку і яе мужа.

Суддзя Маскоўскага раёна Брэста Таццяна Ісаева растлумачыла "закрытасць" папярэдняга паседжання тым, што месца ў яе кабінеце для ўсіх няма. Аднак ні тое, што ў самім будынку суда хапала вольных залаў, ні хадайніцтва Міланы Харытонавай, каб зрабіць паседжанне адкрытым, не змяніла рашэнне суддзі.

Каардынатар руху “За свабоду” Дзяніс Турчаняк лічыць, што праводзіць разбіральніцтва ў закрытым рэжыме неправамерна :

 

"Паседжанне скончылася без нашай прысутнасці, чым было парушанае нашае права на атрыманне інфармацыі. Будзем спадзявацца, што наступныя паседжанні будуць праходзіць публічна, бо пра сёння гэтага мы сказаць не можам. Міланай Харытонавай не было заяўлена, каб паседжанне праходзіла закрыта, хоць і закранаецца менавіта яе гонар, годнасць і дзелавая  рэпутацыя".

Дзяніс Турчаняк абмежаваўся толькі вуснай скаргай, бо суддзя паабяцала, што падчас асноўнага разгляду справы 5 лютага ўсім жадаючым дазволяць прысутнічаць.

Тым часам, супрацоўнік газеты гарвыканкама Уладзімір Міневіч не прызнае сваёй віны і патрабуе правядзення лінгвістычнай экспертызы. Рэдакцыя яго газеты — “Брэсцкі веснік” — вядома, не хоча прыцягваць да праблемы ўвагу грамадскасці, кажа Мілана Харытонава:

"Адказчык настаяў, каб суд забараніў мне даваць каментары ў СМІ. Я не разумею гэтага, бо не разгалошваю ніякія звесткі, якія маглі б быць таямніцай. Я проста выказваю сваё меркаванне. І як мне можна гэтае забараніць?"

Як адзначае каардынатар руху "За свабоду" Дзяніс Турчаняк, гэта ўжо не першы выпадак, калі супрацоўнікі газеты Брэсцкага гарвыканкаму ананімна абражаюць журналістаў і грамадскіх актывістаў. Сам ён таксама быў у падобнай сітуацыі: як высветліла міліцыя, Дзяніса Турчаняка ў інтэрнэт-каментарах пад іншым нікам абражаў намеснік галоўнага рэдактара “Брэсцкага весніка”. Турчаняк лічыць, што перад супрацоўнікамі газеты гарвыканкама адмыслова ставіцца такое заданне — абражаць мясцовых дэмакратычных актывістаў. 

Рубрыка “Самаабарона” падрыхтаваная спецыяльна для праграмы “Кардыяграма”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі