Ізалятар на Акрэсціна адрамантуюць у 2014 годзе
Цяпер яго актыўна разбіраюць, а адміністратыўных перавялі ў суседні будынак СІЗА. (Фота)
У Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, што на завулку Акрэсціна ў Мінску, пачалі рэканструкцыю, добра, што без рэстаўрацыі. Бо ўмовы там былі далёкія ад ідэалу, і зусім не такія, як прапісана ў заканадаўстве. І, можа, не было б такой вялікай увагі да ўмоваў у гэтай установе, калі б туды рэгулярна не ўпісвалі на "суткі" актывістаў, апазіцыянераў і журналістаў.
Актывіст Павал Вінаградаў вызваліўся з "сутак" 30 верасня. За дзень да пачатку рамонту.
"У дзень, калі мяне выпускалі, планавалася вялікае перасяленне. Гаворка ішла даўно. Я калі начальніка пытаў, ён казаў, што ўжо хутка-хутка пачнём перастройвацца".
Афіцыйна рэканструкцыя пачалася 1 кастрычніка. Як даведалася Еўрарадыё, завершыцца яна ў чэрвені 2014 года. То бок, пасля чэмпіянату свету па хакеі.
Цяпер на другім паверсе ізалятара ідуць працы. Будаўнікі разбураюць усё знутры. Са сценаў камераў прыбяруць "шубу", заменяць туалеты а замест сцэны з'явяцца нары. Будаўнікі абяцаюць, што будуць новыя камеры "павышанай камфортнасці". Звонку будынак таксама адрамантуюць, заменяць абліцоўку сценаў і вокны.
Пакуль усіх адміністратыўных затрыманых утрымліваюць у суседнім будынку — СІЗА для крымінальнікаў, кажа праваабаронца Наста Лойка.
"Наколькі мне вядома, там аддалі пад гэта 2-гі і 4-ы паверхі. Незразумела, навошта такая колькасць. Ведаю, што там значна лепш умовы. Але вельмі кепскі графік працы. Не заўжды можна патрапіць з перадачай і праблема патрапіць адвакату".
Алега Корбана затрымалі пасля флэшмобу супраць прапаганды на тэлебачанні, а асудзілі за дробнае хуліганства на 5 сутак. Сядзеў Алег ужо ў СІЗА.
"Калі ўжо вызваляўся, запытвалі: ну як вам у нас умовы? Бачыце, тут жа лепш? Вам больш у нас падабаецца?"
Алег прызнаецца, што ўмовы сапраўды крыху лепшыя. Але стаўленне такое ж, прагулка толькі 2 разы па 20 хвілін, у душ — адзін раз на 15 хвілін, праз вакно не разабраць, ідзе на вуліцы дождж ці свеціць сонца. Камеры большыя, замест сцэны — нары, выдаюць матрац, падушку, бялізну, кавалак мыла. Усяго гэтага не было на Акрэсціна.
"Маленькі кавалачак гаспадарчага мыла. Давалі стос папер, каб хадзіць у прыбіральню. Гэта быў стос папер ад газеты СБ. Каляровая такая газетка, падзеленая на кавалачкі. Кожнаму, хто заязджае — у рукі такі камплекцік. Але змяшчаюць людзей нягледзячы на іх псіхалагічны стан і здароўе. Да мяне закідвалі двух людзей з туберкулёзам, адзін з іх моцна кашляў".
У камерах СІЗА утрымліваюць крымінальнікаў, у старым будынку ЦІП адміністратыўна затрыманых. Першыя маглі некага забіць, другія маглі патрапіць за тое, што мацюкнуліся на вуліцы, ці правялі флэшмоб.