Каб купіць кілаграм свініны, беларус працуе ў 10 разоў больш за амерыканца

Прэтэндэнт у прэзідэнты, кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук і кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка прэзентавалі ў Мінску вынікі даследавання сацыяльнага дабрабыту за апошнія 5 гадоў. Паводле словаў Раманчука, вызначалі “індэкс дабрабыту” наступным чынам: падлічвалі, колькі часу трэба чалавеку працаваць, каб набыць тую ці іншую рэч альбо паслугу.

Яраслаў Раманчук: “Я ўзяў у якасці асноўных суб’ектаў для параўнання Расію, Польшчу і ў якасці прыкладу — ЗША”.

І высветлілася, што сёння беларусы сталі жыць значна лепш у параўнанні з 2005 годам.

Яраслаў Раманчук:
“Рэальны заробак ў доларах у нас стаў значна вышэйшым. Цяпер ён складае 390 долараў — гэта сярэдні сёлетні паказчык за студзень-люты. У 2005 годзе заробак быў 210 долараў. Адна працоўная гадзіна цяпер каштуе ў нас 2,5 долара. У той час як у 2005 годзе яна каштавала 1,3 долара”.

Вось толькі эканамісты прапаноўваюць адначасова параўноўваць змены, якія адбыліся ў нашай краіне, са зменамі ў іншых дзяржавах.

Яраслаў Раманчук: “Тое, што эканамічная мадэль, створаная ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, дала значна большыя вынікі — гэта відавочна. Гэтак, да прыкладу, палякі сталі жыць так, як жылі амерыканцы ў 1990 годзе. У той час як у нас узровень прыбыткаў, у параўнанні з амерыканскім, складае ўсяго 11%”.



У складзеных эканамістамі табліцах даецца некалькі прыкладаў, якія пацвярджаюць гэтыя высновы. Так, беларусу, каб набыць сёння кілаграм свініны, трэба адпрацаваць 1 гадзіну 58 хвілін (у 2005 годзе — 3 гадзіны 35 хвілін). Расіяніну на гэта хопіць 1 гадзіны 13 хвілін, паляку — 27 хвілін, а амерыканцу — 12 хвілін працы. На аўтамабіль "Форд Фіеста” беларус мусіць адпрацаваць 3 гады 5 месяцаў, расіянін — 2 гады 3 месяцы, паляк — 10 месяцаў 13 дзён, а амерыканец — 5 месяцаў. Каб зарабіць на кватэру ў 60 квадратных метраў у сталіцы, беларусу трэба 14 гадоў, расіяніну — 19 гадоў, паляку — 6 гадоў 7 месяцаў, амерыканцу — 6 гадоў 4 месяцы.

Высновы, нягледзячы на агульны рост дабрабыту беларусаў, — не самыя прыемныя для ўладаў.

Яраслаў Раманчук: “Як паказала статыстыка параўнання коштаў у Беларусі, Расіі і Польшчы, не кажучы ўжо пра Злучаныя Штаты, Беларусь даўно ўжо выйшла на сусветны ўзровень коштаў. Больш за тое, шмат па якіх пазіцыях яна ўжо перайшла гэты ўзровень і беларусы вымушаны набываць тавары, якія падаюцца спекулятыўнымі амерыканцам, немцам альбо палякам”.



Падводзячы вынік, Раманчук заявіў, што Беларусь будзе насамрэч заможнай краінай толькі тады, калі стане сапраўды дэмакратычнай і ліберальнай.

Дарэчы, гэтае даследаванне ўзроўню дабрабыту атрымала назву “Іванаўна” і праводзілася яно спецыяльна для будучай перадвыбарнай праграмы Раманчука.

Яраслаў Раманчук: “Асноўная мэта была — каб даносіць не макраэканамічныя лічбы, а лічбы зразумелыя. Калі людзям кажаш: “Хто лепш жыве — той, хто можа набыць за 10 гадоў працы, ці той, хто працуе на такую ж кватэру 20 гадоў?”. І тут не трэба быць прафесарам эканомікі, прэзідэнтам альбо прэм’ер-міністрам, каб сказаць: “Я хачу мець такую сістэму, калі працую 10 гадоў і купляю кватэру”.

Вынікі даследавання Яраслаў Раманчук накіруе ў Адміністрацыю прэзідэнта, Саўмін, па міністэрствах і ведамствах. Маўляў, магчыма іх там пачытаюць і зробяць нейкія высновы.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі