Качыянчыч: Мы не вядзем перамовы, а чакаем ад Беларусі канкрэтных дзеянняў
У канцылярыі еўракамісара Кэтрын Эштан не чулі пра прапановы Беларусі, якія б маглі зняць напружанне ў адносінах паміж Мінскам і Бруселем.
5 красавіка міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў распавёў пра прапанаванне афіцыйным Мінскам крокаў, якія б маглі прывесці да дээскалацыі адносінаў Беларусі і ЕС.
Тым часам прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка па замежных справах і палітыцы бяспекі ЕС Мая Качыянчыч кажа, што не ведае пра прапановы Беларусі і нагадвае, што Брусель па-ранейшаму чакае вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсій супраць апазіцыі.
Мая Качыянчыч: “Я не ведаю, што Сяргей Мартынаў мае на ўвазе. Мы не вядзем перамоваў. Гэта не з’яўляецца прадметам для размовы. Мы чакаем ад Беларусі канкрэтных дзеянняў. Дзейнічаць мусіць Беларусь. Мы сфармулявалі дакладныя патрабаванні. І хочам, каб яны былі выкананы”.