Каля "Віцебскдрэва" міліцыянты затрымалі журналіста
Рэдактар сайта "Народныя навіны Віцебска" Сяргей Серабро фатаграфаваў двары і вуліцу на ўскрайку горада.
Пра гэта Серабро паведаміў у гутарцы з Еўрарадыё.
Сяргей Серабро: "Не тое, каб затрымалі, але стаю я зараз тут з супрацоўнікам міліцыі — ён высвятляе, магу я тут здымаць ці не магу. Вызвоньвае сваё начальства — такая тут тэлефонная цяганіна... Тут добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, вуліцу рамантуюць, якая вельмі даўно не рамантавалася. Такая дабітая ў нас была вуліца. Цяпер тут асфальт кладуць. Трошку двары таксама, але збольшага вуліцу робяць. Трамвайную каляіну ў асфальт закрываюць, а так было складана нават на трамваі даехаць".
Па словах журналіста, ён рабіў здымкі ў наваколлі фабрыкі "Віцебскдрэў", куды неўзабаве павінен прыехаць Аляксандр Лукашэнка. Нагадаем, што нядаўнія паездкі кіраўніка дзяржавы на такія ж фабрыкі ў Івацэвічы і Барысаў суправаджаліся скандаламі.
Праз паўгадзіны Сяргея серабра адпусцілі. Прычыну затрымання журналіст так і не зразумеў.
Фота — svaboda.org