Камітэт ААН прызнаў, што гамельчук адсядзеў незаконна
Уладзімір Кацора абскардзіў свае прысуды ў Камітэце ААН па правах чалавека і дамогся, каб Беларусь дапасавала сваё заканадаўства да міжнародных нормаў.
Гамельчук Уладзімір Кацора некалькі разоў трапляў за краты з-за сваёй грамадскай і палітычнай актыўнасці. Так, у 2006 годзе ён атрымаў 15 сутак арышту за тое, што раздаваў жыхарам Гомеля запрашэнні на мітынг, які ўлады не дазволілі. Падобная сітуацыя была і ў 2007 годзе. Кожны раз, калі Уладзімір Кацора аказваўся за кратамі, на знак пратэсту ён трымаў галадоўку. Гамельчук спрабаваў адмяніць пакаранне ў вышэйшых судовых інстанцыях, аднак ніводзін прысуд не быў адменены. Тады Уладзімір звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека пры ААН, расказвае гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка:
"Пасля вычарпання ўсіх ўнутраных сродкаў прававой абароны Уладзімір Кацора звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека, дзе сказаў, што да яго як да грамадскага актывіста сістэматычна з боку ўлады ўжываецца дыскрымінацыя".
На апошняй сесіі Камітэта ААН па правах чалавека, якая адбылася летась у лістападзе, скаргу гамельчука Уладзіміра Кацоры разгледзелі. Камітэт пагадзіўся з тым, што беларускія ўлады парушылі права грамадскага актывіста на свабодны распаўсюд інфармацыі, а таксама на правядзенне мірных сходаў. Паводле рашэння Камітэту беларускі ўрад на працягу паўгода абавязаны змяніць сваё заканадаўства ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязкамі, працягвае Леанід Судаленка:
"Камітэт ААН па правах чалавека параіў Беларусі выканаць яго рашэнне цягам паўгода. Таксама выплаціць Уладзіміру Кацору справядлівую кампенсацыю за панесеную шкоду і выдаткі. Акрамя таго, урад Беларусі абавязаны прывесці сваё заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у адпаведнасць са сваімі міжнароднымі абавязкамі паводле Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах".
На працягу паўгода Беларусь таксама абавязаная апублікаваць у дзяржаўных СМІ захады па выкананні гэтых рэкамендацый.
Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма