"Камяніца" згубіла тры гурты, а знайшла 157 юных талентаў
Забароненую напярэдадні Крамбамбулю замяніў гурт Vuraj.
5 тысяч чалавек – менавіта столькі беларусаў прагаласавала за сваю культуру наведаўшы фольк-фэст “Камяніца”. Гэтым разам гледачоў чакала некалькі прыемных новаўвядзенняў. Сярод іх – малая сцэна для аматарскіх калектываў, большую частку якіх склалі дзіцячыя гурты з усіх куткоў Беларусі.
На аматарскай сцэне грае калектыў з Любаньшчыны "Верабейкі"
“Не чакала, што такая вялікая колькасць адданых народным спевам людзей увогуле існуе, - распавядае спявачка Руся, якая курыравала аматарскую сцэну. - Вядома, што я адкрыла для сябе новыя песні. Напрыклад, падчас выступу дзіцячага гурта “Мілавіца” з Кастрычніцкага раёну Мінска, я падслухала некалькі цудоўных спеваў, якія дагэтуль нідзе не сустракала”.
Дзіцячы ансамбль "Рада" пад кіраўніцтвам Ірэны Катвіцкай
Усе выступоўцы малой сцэны атрымалі ганаровыя дыпломы фестывалю і памятныя падарункі. Але, на жаль, не ўсе гледачы “Камяніцы” былі гатовыя да ўспрыняцця аматарскага і дзіцячага мастацтва. Большасць імкнулася ўглыб Музею народнай архітэктуры і побыта: хто ў пошуках піва, продаж якога ўпершыню быў забаронены на фэсце, іншыя – за больш сучаснымі рытмамі.
“Я прыехала сюды, таму што вельмі люблю беларускую этнічную музыку, - дзеліцца ўражаннямі дзяўчына ў традыцыйным строі. - Гэта цудоўна, што можна паслухаць яе і ў рокавым выкананні, і ў традыцыйным, і ў металічным гучанні. Проста я люблю сваю культуру!”
"Камяніцкія карагоды"
Прафесар Дарашэвіч у традыцыйнай кашулі
Гурт Irdorath
Калекцыю беларускіх строяў "Купалле" на фэсце прадставіў цэнтр традыцыйных рамёстваў "Скарбніца" сумесна з мадэльным агенцтвам "Тамара"
Конкурс традыцыйных строяў
no comments
Танцы пад "Vuraj". Дарэчы, гурт "заняў" месца "Крамбамбулі" на фестывалі.
"Vuraj"
Гурт "Pawa"
На галоўнай сцэне фэсту гэтым разам, сапраўды, гучалі самыя розныя інтэрпрытацыі старадаўніх песень. Пры чым, фольк-плыня пачала цікавіць гурты, якія дагэтуль нават не спявалі на беларускай мове. Так, каляэтнічную праграму прадставіў цяжкі гітарны гурт “Blu Sky”, пераасэнсавалі знакамітых “Лосю” і “Ой, рана на Йвана” музыкі гурта Re1ikt. Гучаў фольк-дэнс у выкананні каманды “Pawa”. Прыклад камернага фольк-авангарду паказала Наста Някрасава з гуртом FolkRoll:
“Ні надвор’е, ні восень – нічога не магло замінаць людзям . Яны былі адкрытыя, шчырыя і FolkRoll вельмі добра прыймалі – я бачыла гэта па вачах, - кажа Наста Някрасава. - Жадаю, каб фестываль і яго арганізатары далей ішлі гэтым шляхам, і каб не было такіх перашкодаў, з якімі яны сутыкнуліся ў гэтым годзе. І каб новыя гурты паўставалі. Адчуваецца, што публіка прагне новых гуртоў”.
Кірмаш майстроў
Праўда, у сувязі з перастаноўкай праграмы, звязанай з адсутнасцю на фэсце “Крамбамбулі”, растаноўка гуртоў некалькі выглядала на імправізацыю. Магчыма таму ўзнікла уражанне не моцнага складу беларускіх удзельнікаў. Сітуацыю выратаваў сэт гасцей – каманды “Иван Купала”. Расійскі гурт стварыў сапраўдны святочную атмасферу і прымусіў прысутных забыцца і на міліцыю, якая ахоўвала фестываль цэлымі ротамі.
“Цягам падрыхтоўкі згубілі тры калектывы, - тлумачыць сітуацыю з лайн-апам фэсту яго дырэктар Сяргей Чагрынец. - Гублялі іх па розных прычынах. З некім першапачаткова не атрымалася дамовіцца - як з польскім гуртом R.U.T.A. Нехта адпаў у працэсе з-за сваіх нестандартных крокаў па ўзаемнай згодзе. Гэта тычыцца Юр’і, бо мы не маглі пайсці на тыя ўмовы, якія яны ставілі. Ну і трэці гурт – гэта “Крамбамбуля”. Запэўніваю ў тым, што гурт “Крамбамбуля” зняўся сам з фестывалю. У любым выпадку ўсе страты лічу крыўднымі, і спадзяюся, што ў наступным годзе свядомасць нашых удзельнікаў будзе нашмат вышэйшай, чым у гэтым годзе”.
Сам Лявон Вольскі пракаментаваў адмену выступу ў сваім Фэйсбуку такім чынам:
“Не трэба рабіць выгляд, што ўсё нармальна. Не трэба хлусіць. І так шмат хлусілі, выкручваліся, лавіявалі, мімікравалі і падладжваліся. Я гэта кажу абсалютна без аніякага пафасу і скупой мужчынскай слязы. Я ня ў стрэсе і не ў дэпрэсіі. Папросту маем тое, што маем. А мы маем палітвязняў, чорныя спісы, падвоеныя стандарты і ўвесь джэнтльменскі набор хваробаў, набытых за апошнія 18 гадоў. Маўчаць пра гэта, каб далі мажлівасць сыграць два канцэрты на год? І на гэтых канцэртах "фільтраваць базар", бо нельга падставіць арганізатараў, таму што яны — твае добрыя прыяцелі? Занадта ўжо доўга ўсё гэта працягваецца, сябры мае. Падтрымліваць гульню — працаваць на татальную дэградацыю. І дзякуй Богу, што цяпер побач людзі, якія гэта разумеюць і падзяляюць!”
Падчас выканання расіянамі вядомай беларускай "Ой, сваточкі-галубочкі, едзьце дамоў", на сцэну выйшаў Алег Хаменка, вызваўшы захапленне публікі
swatochki.mp3 (Сваточкі-галубочкі)
Апроч музыкі і танцаў, да якіх было можна далучыцца па дарозе ад малой да вялікай сцэны, гледачоў чакаў кірмаш майстроў. Тут можна было набыць што заўгодна – ад малюткіх птушачак-акарын да дызайнерскай вопраткі. Можна было смачна паесці ў музейных хлявах, пагуштацца на арэлях, паблукаць па музеі і проста пранікнуцца духам беларускай спадчыны.
“Нам тут падабаецца ўсё, - распавядае Аляксей, якога мы злавілі падчас карагодаў. - За чатыры гады існавання фэсту я толькі мінулы год прапусціў, бо мяне не было ў Беларусі. Галоўнае, што тут добрая міліцыя – яе амаль няма, тут ёсць шмат вольнага паветра, шмат добрай музыкі, шмат добрых людзей. Тут увогуле прыўкрасна – тое, што трэба! І галоўнае, што гэтае месца – музей беларускага дойлідства і этнаграфіі таксама адпавядае таму, што тут адбываецца”.
Завяршалі фестываль дэструктыўны пажарны аркестр "Гаротніца" і святочны салют
Дарэчы, як і абяцаў Сяргей Чагрынец у інтэрв’ю Еўрарадыё, крыштальную рок-карону, якой “Камяніцу” каранавалі як “Лепшую музычную падзею мінулага года”, фэст падарыў добрым сябрам. “Банку БелВЭБ”. Ды і ўвогуле, кажа Сяргей, фэст атрымаўся. Нягледзячы ні на што.
Сяргей Чагрынец: “Калі даваць у цэлым адзнаку фестывалю, то, канешне, ёсць дзіўныя рэчы, якія трэба адзначыць. Першае, гэта 157 дзяцей, якія ўпершыню заспявалі на прафесійнай сцэне і атрымалі, фактычна, пуцёўку ў жыццё. Гэта я лічу заслугай “Камяніцы”. І дзевяцігадзінны музычны марафон у купе з дзецьмі – таксама дастаткова сур’ёзнае дасягненне фестывалю. Я лічу, што фэст насамрэч атрымаўся”.