Хто прыдумаў, што ў Беларусі забаранілі замежныя сайты?
Еўрарадыё разабралася, чаму заходнія СМІ загаварылі пра тое, што беларусаў будуць штрафаваць за наведванне іншаземных сайтаў.
Пра лічбавую жалезную заслону, за якой з 6 студзеня ўлады схаваюць ад беларусаў інтэрнэт, напісалі вядучыя медыі свету. Вось некалькі прыкладаў:
BBC:
“Belarus puts restrictions on foreign internet sites”
Washington Post:
“Belarus has outlawed browsing foreign Web sites, making visiting or using those sites by its citizens a misdemeanor”.
Forbes:
“Belarus Breaks the Internet, Raises the Digital Iron Curtain”
Mashable (буйны web-рэсурс для it-тэхнолагаў):
“Censorship: Belarus Makes Certain Web Behaviors Illegal”
Еўрарадыё перачытала паведамленне на сайце Law Library of Congress, на які, як на першакрыніцу, спасылаюцца заходнія СМІ. Там напісана літаральна наступнае:
“The newly published Law imposes restrictions on visiting and/or using foreign websites by Belarusian citizens and residents” — “Новы Закон абмяжоўвае наведванне і/ці выкарыстанне замежных сайтаў беларускімі грамадзянамі і рэзідэнтамі”.
Але сам сайт Law Library of Congress як на першакрыніцу інфармацыі спасылаецца на… матэрыял інфармагенцтва “Interfax-Захад”! Выбуховай стала неасцярожная фраза бізнэс-кансультанта Аляксея Шукаева:
“Папраўкі да Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, сярод якіх артыкул 22.16, прывядуць да блакавання Байнэта вядучымі інтэрнэт-парталамі”.
Еўрарадыё зтэлефанавалася з Аляксеем Шукаевым. Ад сваіх слоў бізнэс-кансультант адмаўляцца не збіраецца.
На нашую думку, адна з прычынаў таго, што сусветныя медыі “забаранілі” беларусам інтэрнэт, заключаецца ў нежаданні афіцыйных асобаў патлумачыць журналістам змены ў кодэксе.
Яшчэ перад Новым годам Еўрарадыё звярнулася з запытам у Аператыўна-аналітычны цэнтр. Натуральна, мы прасілі пракаментаваць папраўкі ў Адміністрацыйным кодэксе да 6 студзеня. Адказу дагэтуль няма.
ААЦ і Валерый Цапкала з “Парка высокіх тэхналогіяў” загаварылі толькі 5 студзеня, калі тлумачыць што-небудзь каму-небудзь было ўжо позна. Затое быў самы час апраўдвацца.
Валерый Цапкала: “Для звычайнага беларускага карыстальніка інтэрнэт-фільтрацыя можа ажыццяўляцца толькі па яго ўласным патрабаванні. Ніякіх штрафаў за наведванне замежных вэб-сайтаў не прадугледжана”.
Але за мяжой рэпутацыя Беларусі чарговы раз апынулася сапсаванай.
Фёдар Караленка, стваральнік і кіраўнік праекта “Акавіта”, мяркуе, што справа тут не проста ў “цяжкасцях перакладу” не вельмі ўдалых фармулёвак з беларускага Адміністрацыйнага кодэкса:
Фёдар Караленка: “Няма ў тэксце такога пункту, які можна было б настолькі недакладна перакласці. Я лічу, што перакручванне тут з мэтай прыцягнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі, што тут у нас усё пад забаронай”.
На запыт Еўрарадыё ААЦ абяцаў адказаць цягам... наступнага тыдня.