Комік, эканаміст-рэфарматар, былы камуніст альбо Берлусконі
Хто пераможа на парламенцкіх выбарах у Італіі?
24-25 лютага ў Італіі адбудуцца пазачарговыя парламенцкія выбары.
Былы прэм’ер Сільвіа Берлусконі, які падчас крызісных з’яваў у краіне адмовіўся ад пасады, вырашыў вярнуцца ў “вялікую палітыку”. Каб не дапусціць перамогу блока Марыа Монці (які заняў прэм’ерскае крэсла пасля Берлусконі), а таксама левых.
“Я глыбока занепакоены магчымасцю "вечнага вяртання" Берлусконі. Думаю, Еўропа выразна ўбачыла, як Італія Берлусконі разбурыла саму ідэю адзінай Еўропы, давер да ЕС. Таму я лічу, што мы абавязаны перамагчы. Не толькі для Італіі, але для ўсёй Еўропы. І не толькі для еўрапейскіх левых”, — выказваецца пра адыёзнага палітыка П’ер Луіджы Берсані, які разам са сваёй Дэмакратычнай партыяй з’яўляецца фаварытам выбарчай кампаніі.
Згодна з апошнімі апытаннямі, яго партыя карыстаецца падтрымкай у 35%. Тым часам расце і падтрымка Берлусконі: яго партыя “Народ свабоды” можа атрымаць да 30% галасоў.
Цікава, што эканаміст Марыа Монці, калі прыняў пасаду прэм’ера ў 2011 годзе, неаднаразова сцвярджаў, што гэта часовы досвед і ён не збіраецца ўваходзіць на палітычную сцэну. Але пастаянныя ўгаворы кіраўніцтва цэнтрысцкіх партый Еўропы, а таксама выказванні еўрапейскіх лідараў на чале з канцлерам Ангелай Меркель, якія разглядаюць Марыа Монці як гаранта паляпшэння фінансавай сітуацыі ў Італіі, прымусілі яго змяніць меркаванне.
“Супер Марыа — як яго называюць у Еўропе шматлікія прыхільнікі — на працягу цэлай кампаніі адбіваў жорсткія напады Берлусконі. Увесь час паўтарае, што італьянцы не крэтыны і памятаюць, хто давёў фінансы краіны да катастрафічнага стану. Яго праграма працягвае рэформы, якія былі распачатыя на рынку працы, у пытанні барацьбы з беднасцю і інш.”, — піша Польскае прэс-агенцтва.
Што цікава, нямецкія чыноўнікі не раяць італьянцам галасаваць за Сільвіа Берлусконі.
Згодна з апытаннямі, кааліцыю Марыа Монці падтрымлівае 14%. У той час як за папулістычную партыю коміка Бэпе Грыла “Пяць зорак” гатовыя аддаць свае галасы да 16% італьянцаў. Апошні вельмі ўдала скарыстаўся настроямі выбаршчыкаў, толькі 3% з якіх давяраюць палітычным партыям у святле апошніх карупцыйных скандалаў.
“Поспех “Пяці зорак” нескладана растлумачыць. Прымаючы сігналы ад руху “Occupy Wall Street”, ён выкарыстаў агіду выбаршчыкаў ад палітычнага істэблішмента: эксцэсы і скандалы партыі Берлусконі, павышэнне падаткаў урада Монці і акасцяненне Дэмакратычнай партыі”, — піша New York Times.
Варта дадаць, што сёлетняя выбарчая кампанія адбываецца на фоне адстаўкі Папы Бенедыкта XVI, якая зацямніла сабой усе іншыя падзеі ў Італіі. А таксама ў абстаноўцы інфармацыйнай блакады, якую зладзілі ўладальнікі газетных кіёскаў. Яны вырашылі правесці забастоўку і не працаваць 24-26 лютага, бо не змаглі дамовіцца з Нацыянальнай асацыяцыяй выдаўцоў газет аб павелічэнні квоты, якую атрымліваюць кіяскёры за продаж друкаванай прадукцыі.
Фота: Ylbert Durishti