Ксюша Дзягелька прайграла ў конкурсе “Я ― лідар”
“Першыя месцы давалі сёлетнім выпускнікам. А нам сказалі: “Давайце-працуйце”, ― скардзіцца дзяўчынка, чый хіт “Я из деревни” сабраў 1,1 млн праглядаў на Youtube
Байнэт забыўся пра першую беларускую зорку Youtube Ксюшу Дзягелька так жа хутка, як і ўзнёс на вяршыню папулярнасці. 14-гадовая аўтарка хіта “Я из деревни” па-ранейшаму жыве ў мястэчку Акцябрскі Гомельскай вобласці. І нават конкурс “Я ― лідар”, з якога пачыналася яе слава, у яе выйграць не атрымалася.
Ксюша Дзягелька: “Калі быў рэспубліканскі конкурс, мне прызавое месца не далі. Там быў 21 удзельнік, і першыя месцы давалі, у асноўным, сёлетнім выпускнікам. А нам сказалі: “Давайце, працуйце, удзельнічайце далей у нашым конкурсе!” Ад Гомельскай вобласці тры чалавекі было: я і яшчэ два хлопчыкі. Але высокіх месцаў ніхто з нас не атрымаў”.
Лета прымусіла дзяўчынку перагледзець свае погляды на вопратку. Раней яна спявала “далоў міні-спаднічкі, кароткае, вузкае” і распавядала Еўрарадыё, што адна міні-спаднічка ў яе гардэробе ёсць, але прыхаваная глыбока на палічцы. Цяпер адкрытай вопраткай Ксюша не грэбуе. Бо як іначай выратавацца ад спёкі?
Ксюша Дзягелька: “Часам міні-спаднічкі апранаю. Але ў асноўным у мяне шорты”.
Кожнае лета бацькі вазілі нас да бабулі на вёску. А дзе адпачывае падчас доўгіх летніх канікул аўтарка хіта “Я из деревни”?
Ксюша Дзягелька: “Я ездзіла ў лагер, які называецца “Чайка”. Гэта недалёка ад Светлагорска, у Чыркавічах. Вось там я і адпачывала. А цяпер вярнулася і падумала пра тое, каб працягваць далей. Літаральна днямі прыехала дадому і думаю, што буду запісваць новыя песні”.
Што праўда, сама Ксюша пісаць песні не спрабавала: аўтарам наступных хітоў будзе выкладчык Акцябрскага цэнтра творчасці Андрэй Павук. Пра што будуць наступныя песні, маладая артыстка таксама яшчэ не ўяўляе.
Ксюша Дзягелька: “Думаю, буду развівацца ў розных накірунках. І будуць розныя тэмы. Можа, і пра каханне таксама”.