Курс на дадатковай сесіі будзе завышаным?
Ужо праз тыдзень мы даведаемся рынкавы курс долара. Эксперты нечакана выказалі меркаванне, што стрымліваць курс не будуць…
Магчыма, яго наадварот завысяць!
Рынкавы курс беларускага рубля будзе вызначаны 15 верасня на дадатковай сесіі таргоў на валютнай біржы. Усіх вельмі хвалюе, якім жа ён будзе.
Наперакор шматлікім меркаванням, што Нацбанк будзе спрабаваць рознымі інтэрвенцыямі стрымаць курс, эканаміст Сяргей Чалы кажа, што, верагодна, курсу дазволяць скокнуць высока.
Мяркуйце самі: валюту можна купіць за 5 тысяч на асноўнай сесіі, а прадаць — за 10 на дадатковай… І такім чынам, цягам аднаго дня зарабіць 100%!
Сяргей Чалы: "Я памятаю 1990-я гады... У годзе 1998-м такая практыка захоўвалася досыць доўга. Прычым разыходжанні паміж курсам умоўна рынкавым (другой сесіі) і афіцыйным тады былі меншыя, чым цяпер. Там прыкладна было 11,5 тысяч і 14,5 тысяч. Менш як у 1,5 разы. Цяпер жа розніца амаль у 2 разы! І калі такія схемы існуюць, а яны існуюць, то гэта азначае, што спакуса яшчэ большая, чым тады".
Паводле слоў эканаміста, у такой сістэме можна загразнуць надоўга. І яна досыць небяспечная, бо ніякіх эканамічных праблемаў не вырашае…
Сяргей Чалы: “Сістэма легалізуе курс, што склаўся на міжбанку і які раней даводзілася маскіраваць… Цяпер гэтага рабіць не трэба. Але па сутнасці — гэта кансервацыя таго рэжыму, у якім мы цяпер знаходзімся”.
Як будзе сябе паводзіць сам Нацбанк? Сяргей Чалы кажа, што Нацбанк таксама можа выйграць у такой сітуацыі: зарабіць на ажыятажы.
Сяргей Чалы: “Разумеючы, што ёсць нейкі адкладзены попыт, які можа прывесці да ўзлёту каціровак валюты ў бліжэйшыя пару дзён на 2-й сесіі… У прынцыпе, разумна было б, з пункту гледжання Нацбанку, выступіць прадаўцом па гэтым узроўні, а пасля, калі курс знізіцца, паступова выкупіць той аб’ём ужо па ніжэйшых цэнах”.
Завышаны курс краіне не выгадны. Нацыянальнаму банку — таксама, упэўнены намдырэктара Цэнтра сістэмнага аналіза і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі Аляксандр Гатоўскі. Эканаміст адзначае, што калі на 2-й сесіі курс будзе завышаным, то мы “аддамо прадукцыю замежнаму спажыўцу за бясцэнак”.
Аляксандр Гатоўскі: “Калі адбываецца дэвальвацыя на 10%, а аб’ёмы вырастаюць працэнтаў на 30, то краіна ў прынцыпе ад гэтага выйграе. Таму што агульны аб’ём выручкі ўзрастае. А калі дэвальвацыя адбываецца ў разы, то можа быць сітуацыя, калі прадукцыя ў прынцыпе прадаецца за бясцэнак і выручка ніжэй, чым павінна была б быць у адпаведнасці з канкурэнтаздольнасцю прадукцыі”.
Іншая рэч, што курс могуць завысіць на 2-й сесіі самі прадпрыемствы-экспарцёры. Каб кампенсаваць страты ад продажу 30% выручкі па нявыгадным курсе…
Аляксандр Гатоўскі: “Прадпрыемствы-экспарцёры могуць выстаўляць на дадатковай сесіі валюту па курсе, які б кампенсаваў страты ад гэтых 30% паводле афіцыйнага курсу Нацбанку. І ў гэтым сэнсе курс можа быць трошку завышаны. А рэальны раўнаважны, вядома, будзе дзесьці паміж курсам НБ і тым курсам, што ўсталюецца на дадатковай сесіі”.
Эканаміст кажа, што на працягу месяца-двух Нацбанку трэба будзе ўніфікаваць курсы. Таму вялікі разрыў яму нявыгадны…
Аляксандр Гатоўскі: “…то бок наблізіць афіцыйны курс да курсу, які складзецца на дадатковай сесіі. Чым большы будзе разрыў, тым большую дэвальвацыю трэба будзе праводзіць Нацбанку. Чым большая будзе дэвальвацыя, тым большая будзе інфляцыя выдаткаў”.