Латвійцы ездзяць у Беларусь без візаў у 6 разоў часцей,чым беларусы да іх

Падчас прэс-канферэнцыі 15 студзеня Аляксандра Лукашэнку запыталі пра даты ўвядзення Беларуссю малога памежнага руху з Польшчай. На што кіраўнік Беларусі сказаў, што беларуска-польскі рух будзе адкрыты адначасова з беларуска-літоўскім, пагадненне аб якім таксама было падпісанае яшчэ ў 2010 годзе.

“Ваш прэзідэнт так любіць крыху пагуляць з нейкімі пытаннямі. З кімсьці нешта памяняць, пагандлявацца”, — шукае прычыны блакавання Беларуссю малога памежнага руху літоўскі палітолаг Лаўрынас Касцюнас.

Праўда, гандлявацца з беларускімі ўладамі, як гэта бывала яшчэ пару гадоў таму, ужо ніхто не будзе, мяркуе эксперт. 

Што цікава, беларускі амбасадар у Літве Уладзімір Дражын яшчэ ў канцы чэрвеня 2012 года казаў, што малы памежны рух будзе ўведзены цягам 2-3 месяцаў. Хаця, дагэтуль крытыкаваў увядзенне Літвой санкцый супраць беларускіх уладаў.

“Літоўскі бок падрыхтаваў усе неабходныя дакументы. Ён заяўляе — мы гатовыя. І адразу ж уводзяць санкцыі. Калі літоўскія палітыкі робяць гучныя заявы пра высылку беларускіх амбасадараў, пра які памежны рух можа ісці гаворка?” — заявіў у красавіку 2012 года амбасадар.

Пагадненне аб малым памежным руху з палякамі Беларусь падпісала ў 2010 годзе, як і з літоўцамі. Але паводле словаў прэс-сакратара МЗС Андрэя Савіных, ён не запускаецца, бо “палітыка, якую праводзіць польскі істэблішмент у двухбаковых адносінах з Беларуссю, фарміруе неспрыяльны клімат”. Таму на дадзены момант малы памежны рух Беларусь наладзіла толькі з Латвіяй.

“Латвія, у адрозненне ад Літвы ці Польшчы, не займае такой прынцыповай пазіцыі ў палітычных пытаннях у Беларусі. І з’яўляецца эканамічным партнёрам для Беларусі. Другая прычына — на тэрыторыі, якая падпадае пад малы памежны рух паміж Беларуссю і Латвіяй, няма вялікіх гарадоў на беларускім баку. Таму няма пагрозы, што вялікая колькасць беларусаў выедзе за пакупкамі ў Латвію і будзе там пакідаць валюту — долары ці еўра”, — дзеліцца сваім меркаваннем з Еўрарадыё эксперт польскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў Каміль Клысінскі.

Сапраўды, малы памежны рух з Латвіяй спраўна працуе. За год яго дзеяння не было ніякіх асаблівых праблем ці складанасцяў, прызнаецца генеральны консул Беларусі ў Дзвінску (лат. Даўгаўпілс) Юрый Давыдоўскі.


Юрый Давыдоўскі: “Калі гаварыць пра жыхароў латвійскай памежнай тэрыторыі, то было выдадзена 9,5 тысяч дазволаў у мінулым годзе”.

У латвійскім консульстве ў Віцебску малым памежным рухам з Беларуссю таксама задаволеныя. Летась грамадзянам Беларусі тут выдалі 1599 дазволаў на перасячэнне беларуска-латвійскай мяжы без віз (амаль у 6 разоў менш, у параўнанні з колькасцю дазволаў для латвійцаў). 

Консульства Латвіі: “У гэтым годзе таксама пачалі выдаваць. Там недзе 150-200 пропускаў. У прынцыпе, сістэма працуе, здаецца, выдатна. Людзі прыходзяць, праблем ніякіх не было. Людзі прыходзяць, атрымоўваюць, едуць да сваякоў. Усё добра”.

Нагадаем, што да памежных тэрыторый Беларусі і Латвіі адносяцца гарады Верхнядзвінск, Мёры, Браслаў, пасёлак Відзы з беларускага боку, а з латвійскага — гарады Дзвінск (Даўгаўпілс), Дагда, Зілупе, Краслава. Зрабіць дазвол на мясцовае памежнае перамяшчэнне каштуе 20 еўра.

Мяркуецца, што калі будзе запушчаны малы памежны рух з Польшчай, то ён будзе ахопліваць, напрыклад, беларускія гарады Брэст, Маларыту, Ваўкавыск, Пружаны, Скідзель, Гродна і польскія Бяла-Падляску і Бельск-Падляскі. У выпадку ўвядзення малога памежнага руху з Літвой, скарыстацца правам перасякаць мяжу без віз змогуць жыхары Вільні, Ігналіны, Варэны, Друскенікаў, а з беларускага боку — жыхары Гродна, Ліды і Ашмянаў.

Фота: naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі