Гурт "Дай Дарогу!" выплаціць мільён рублёў за абразу брэсцкай чыноўніцы
Кіраўніца аддзела па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкаму падала ў суд на музыкаў пасля скандалу, які разгарнуўся падчас забароны некалькіх канцэртаў гурта.
Прадстаўнік гурта “Дай Дарогу!” прызнаны вінаватым у абразе гонару і годнасці брэсцкай чыноўніцы Таццяны Барышчык. Кіраўніца аддзела па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкама падала ў суд на музыку пасля скандалу, які разгарнуўся ў горадзе над Бугам падчас забароны некалькіх канцэртаў “Дай Дарогу!”. Справа выглядала наступным чынам: у музыкаў адмяняюцца канцэрты, яны распавядаюць у сацсетках пра тое, хто прыклаў руку да адмены, і фэны пачынаюць сапраўдную вайну ў каментарах супраць “вінаватых”. У выніку, суд Ленінскага раёна Брэста вынес прысуд: рок-музыкі лічацца вінаватымі ў абразе спадарыні Барышчык і мусяць выплаціць ёй грашовую кампенсацыю ў памеры 10 базавых велічынь, то бок, мільён беларускіх рублёў. Дарэчы, музыкі даведаліся пра рашэнне суда постфактум — прысуд быў аб’яўлены раней прызначанага тэрміну. “Дай Дарогу!” не збіраюцца рабіць з сітуацыі шоў, — паведаміў музычнаму парталу Tuzin.fm дырэктар гурта Вова Ёдаў.