Лідзія Ярмошына заклікае апазіцыю абнавіць кіраўніцтва
Пра гэта кіраўніца Цэнтравыбаркаму паведаміла ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
Ярмошына лічыць, што ў палітычныя партыі павінны прыйсці маладыя і дзейныя людзі, якія змогуць потым узяць на сябе адказнасць. "Тыя, хто знаходзіцца цяпер, прынамсі, у верхавіне апазіцыі, ужо на гэта не здольныя. Старэю не толькі я — старэе са мной уся апазіцыя", — цытуе чыноўніцу агенцтва БЕЛТА.
Акрамя таго, Ярмошына назвала PR-кампаніяй заклікі некаторых палітычных партый да байкоту парламенцкіх выбараў. Па яе словах, такія PR-кампаніі ўжываюцца пры кожных парламенцкіх выбарах. Але партыі будуць абавязкова ўдзельнічаць у выбарах, бо іначай не атрымаюць "сродкі на развіццё дэмакратыі, якія ім вылучаюць", кажа кіраўніца ЦВК. На яе думку, заклікамі да байкоту партыі жадаюць прыцягнуць да сябе ўвагу.
Фота — belarus.by