Лукашэнка: З сярэдзіны верасня курс рубля будзе свабодным
А з кастрычніка валюту будуць прадаваць толькі па пашпарце, прычым дадзеныя пакупнікоў унясуць у адмысловую базу.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ад сярэдзіны верасня на валютна-фондавай біржы адкрыецца дадатковая сесія. На ёй курс беларускага рубля будзе вызначацца на аснове попыту і прапановы. Яна павінна адкрыцца прыблізна 12-15 верасня, перадаюць інфармацыйныя агенцтвы.
На ёй можна будзе свабодна купіць і прадаць долары, еўра, расійскія рублі і іншую валюту, кажа Лукашэнка. Тым часам на асноўнай сесіі валюта будзе прадавацца толькі для аплаты за газ, электраэнергію і іншыя неадкладныя плацяжы. У гэтай сувязі кіраўнік краіны заяўляе, што падпісаў указ, які адмяняе "ўсялякія ільготы па абавязковым продажы валюты".
Разам з тым з кастрычніка валюту будуць прадаваць толькі па пашпарце. Такое ўказанне Нацбанку даў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, не пазней за сёлетні кастрычнік будзе ўведзена электронная сістэма ўліку куплі валюты, перадае БЕЛТА.
Валюту будуць прадаваць толькі па пашпарце, звесткі па кожным пакупніку будуць уносіцца ў электронную сістэму. Па словах Лукашэнкі, "пасля таго, як гэтай валюты нахапаюцца ўсе, каму яна патрэбна, курс умацуецца да раўнаважкага". Кіраўнік Беларусі ўпэўнены, што працэс выхаду на раўнаважкі курс не зойме шмат часу.