Лябедзька: Выходзіць да людзей — гэта наш абавязак

Аб'яднаная грамадзянская партыя рыхтуецца да "паходу ў народ" з мэтай папулярызацыі антыкрызіснай праграмы, падрыхтаванай групай экспертаў. Сёння партыйная дэлегацыя пад кіраўніцтвам Станіслава Багданкевіча наведае Брэст. Таксама будуць пададзеныя заяўкі на правядзенне пікетаў у 10 гарадах Мінскай вобласці. Еўрарадыё паразмаўляла пра гэтую актыўнасць АГП са старшынём партыі Анатолем Лябедзькам.


Лябедзька: “Антыкрызісная праграма пайшла ўжо ў тыраж. Пра яе ведае і старшыня ўрада Мясніковіч, які гутарыў з адным з аўтараў гэтага дакумента — Багданкевічам. Мы атрымалі пазітыўную рэакцыю ад афіцыйных прафсаюзаў Козіка. Чакаем адказу ад Нацыянальнага банка. Але разам з тым, мы гаворым, што гэтую праграму мы пісалі не толькі для грамадзян Мясніковіча, Пракаповіча, Козіка, мы пісалі яе для Беларусі і для яе грамадзян. Таму не павінна быць так, каб гэты дакумент застаўся сярод вузкага кола людзей. Ён распрацаваны для прыхільнікаў пераменаў у Беларусі.


Попыт на такі дакумент існуе велізарнейшы. Ужо на этапе яго распрацоўкі мы атрымалі сотні паправак, дапаўненняў, якія прапаноўвалі прадпрымальнікі, звычайныя грамадзяне. І значная частка іх не належыць да палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Проста крызіс стварыў попыт на такі дакумент. Думаю, што выходзіць да людзей — гэта проста наш абавязак. Калі гэта праграма стане дакументам не толькі групы экспертаў, якія яе распрацоўвалі, а стане праграмай грамадзян Беларусі, то ў нас ёсць вялікі шанец на падтрымку ўсёй нашай дзейнасці, не толькі звязанай з эканомікай”.


Еўрарадыё: Якім чынам будуць адбывацца гэтыя дыялогі?


Лябедзька: “Дазвол на пікет яшчэ трэба атрымаць. І думаю, што гэта будзе няпроста. Калі такі дазвол будзе дадзены, то мы плануем выезд у гэтыя гарады, каб была мажлівасць у людзей не толькі атрымаць нейкую ўлётку з інфармацыяй пра антыкрызісную праграму, але можна было б задаць непасрэдна пытанні яе распрацоўшчыкам. Гэта жывая размова з людзьмі ў розных гарадах Мінскай вобласці. Будзем раздаваць улёткі, і працаваць з рэгіянальнай прэсай там, дзе яна існуе... 


Па выніках сённяшняй сустрэчы Багданкевіча і іншых маіх калег у Берасці будзе вырашана, у якіх гарадах Берасцейскага рэгіёна будуць пададзеныя заяўкі на правядзенне пікетаў з мэтай папулярызацыі антыкрызіснай праграмы. Улада не дае адказы на тыя пытанні, якія хвалююць людзей, значыць, гэта павінны зрабіць мы”.


Еўрарадыё: Калі дазволы на правядзенне пікетаў вы не атрымаеце, што будзеце рабіць у такім выпадку?


Лябедзька: “Пікет — гэта знешняе прыцягненне ўвагі, паставіўшы нейкія расцяжкі, плакаты. Ніхто не можа забараніць проста выйсці чалавеку ў горад і перадаваць нейкую інфармацыю. Выйдуць нашыя сяборы, у кожнага будзе па 299 асобнікаў з інфармацыяй пра антыкрызісную праграму, і яны будуць перадавацца з рук у рукі, з каментарыямі, з двухбаковымі размовамі”.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі